287 беларускіх прадпрыемстваў сёння ўдзельнічаюць у вытворчасці ўзбраення для расійскага войска. Такую лічбу агучыла на сустрэчы ў Савеце Еўропы лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская, паведамляе euroradio.
«Беларусь стала не толькі стартавай пляцоўкай [для поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну], але і ваенным цэхам расійскай вайсковай машыны», — заявіла палітык.
У сустрэчы прынялі ўдзел амбасадары і дыпламаты больш чым 50 краінаў. Ціханоўская заклікала іх прыняць адмысловую дэкларацыю ў падтрымку незалежнасці і сувэрэнітэту Беларусі, каб нашая краіна не стала «суцяшальным прызам для Пуціна».
«Трэба патрабаваць вываду расійскіх войскаў не толькі з Украіны, але і з Беларусі, у тым ліку і ядзернай зброі. Толькі гэта гарантавала б стабільны і працяглы мір у рэгіёне. Украіна заслугоўвае рэальных гарантый бяспекі, і адной з іх можа быць свабодная Беларусь, без расійскай прысутнасці», — падкрэсліла Ціханоўская.
эж