Бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю 30 красавіка выступіла з заявай з нагоды галадоўкі палітзняволенай Вікторыі Кульшы. Гэта яе шостая галадоўка з моманту затрымання на знак пратэсту з яе незаконным утрыманнем у няволі.
У Еўрапейскім парламенце залікалі беларускія ўлады прадаставіць Вікторыі Кульшы неадкладны доступ да медыцынскай дапамогі і спыніць усе формы палітычнага пераследу ў дачыненні да яе і іншых мірных актывістаў у Беларусі. Акрамя таго, Еўрапейскі парламент заклікаў Еўрапейскі Саюз увесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за пераслед Вікторыі Кульшы, а таксама актывізаваць дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на забеспячэнне неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітзняволенай.
Палітзняволеная Вікторыя Кульша не выйшла на волю ў красавіку 2025 года па заканчэнні тэрміну, бо яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чацвёртай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Раней ёй ужо тройчы прызначалі пазбаўленне волі па гэтым артыкуле.
30 красавіка былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла, што Вікторыя ў СІЗА абвясціла бестэрміновую галадоўку.
Вясна/ав