Пра гэта заявіў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, піша Люстэрка.
Ткач адзначыў, што на лічбавым форуме ў казахскім Алматы ў лютым беларускія ўлады дэманстравалі «свае рашэнні ў тым ліку па апрацоўцы спадарожнікавых дадзеных з дапамогай штучнага інтэлекту, пастаноўцы дакладнага дыягназу на падставе медыцынскіх здымкаў».
«І так, мы ўкараняем яго не толькі ў гэтых напрамках, але таксама, напрыклад, у дзяржкіраванні мы цяпер прапрацоўваем пытанне - падключыць штучны інтэлект у нашу адзіную дзяржаўную сістэму зваротаў грамадзян», - сказаў Ткач.
Ён лічыць, што гэта зможа дазволіць «аналізаваць, выяўляць праблемы, якія больш за ўсё хвалююць грамадзян», а яшчэ - выпрацоўваць прэвентыўныя рашэнні, каб іх мінімізаваць.
«У першую чаргу будзе а-ля чат-бот, які будзе аналізаваць па ключавых словах запыт, разумець - ці былі раней звароты па гэтай тэматыцы, у гэтым населеным пункце. І генераваць ужо першапачатковы адказ», - патлумачыў Ткач.
Паводле яго слоў, пасля больш тонкага навучання ШІ «можна будзе вырашаць і больш вузкія задачы».
Выкарыстоўваць ШІ плануюць і пры правядзенні перапісу насельніцтва, які павінен прайсці ў Беларусі ў 2030 годзе.
Люстэрка/ав