Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі справу супраць Томаша Бярозы паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Вынік суда — 14 гадоў у калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
У сюжэце распавядаецца, што Бяроза быў завербаваны польскімі спецслужбамі ў Бяла-Падляску ў 2010 годзе, калі вучыўся ў Акадэміі фізвыхавання. Адметна, што размова з палітвязнем адбываецца на польскай мове з паралельным перакладам на рускую мову. Размову вядзе паляк Даніэль Мікусэк.
Даніэль Мікусэк (Daniel Mikusek), бізнесмен і, як ён сам сябе прадстаўляе, палітолаг, ён пакінуў Польшчу і пераехаў у Беларусь у пачатку 2023 года. Ён з'яўляецца адным з галоўных вядучых прарасійскага «Міжнароднага радыё Беларусь», якое вяшчае з Мінска на польскай мове, і адным з нямногіх палякаў, чые словы рэгулярна цытуюцца ў рускамоўных СМІ.
Мікусэк крытыкуе польскія ўлады за іх палітыку падтрымкі Украіны, якая змагаецца супраць Расіі, называе Польшчу амерыканскай калоніяй і адначасова выкрывае меркаваныя планы польскіх уладаў па каланізацыі заходняй Украіны.
На камеру Бяроза кажа, што дзейнічаў з патрыятычных матываў і хацеў прынесці карысць сваёй сям'і. Па словах Томаша, ён не ведае, ці цікавілася польская выведка ягоным лёсам пасля затрымання. У яго нібыта ёсць крыўда на польскі ўрад, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні.
У размове таксама ёсць эмацыйны зварот Томаша Бярозы да польскіх уладаў аб дапамозе, прычым Мікусэк некалькі разоў звяртаецца да Бярозы, каб ён агучыў свае чаканні і пажаданні да ўладаў Польшчы.
«Я не разумею, чаму польскія ўлады дагэтуль не могуць забраць мяне дадому. Я адчуваю, што яны забылі мяне тут... Я спадзяюся, польскі ўрад прыме меры, каб я мог вярнуцца да сваёй сям'і», — кажа мужчына ў прапагандысцкім роліку.
Таксама ў фільме паказалі, як затрымлівалі Томаша. У тым ліку, на кадрах затрымання бачныя супрацоўнікі ДАІ, да якіх паляк сеў у машыну для праверкі. Пасля гэтага на мужчыну з усіх бакоў "накінуліся" супрацоўнікі міліцыі. На яго апранулі кайданкі. Пасля на галаву Томаша апранулі мяшок, заламалі рукі і перавезлі ў брэсцкае КДБ.
Гэта не першае з'яўленне Бярозы ў прапагандысцкім фільме. Паўгода таму, у снежні 2024 года, быў апублікавалі фільм «Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі». Тады Томаш распавёў, што пяць гадоў меў зносіны з нейкім Пятром, потым той прывёз сябра, які прадставіўся як Гжэгаж — і ён меў зносіны ўжо з ім. Са словаў Бярозы, усё пачалося «дзесьці ў 2009-2010 годзе». На адной з сустрэч Пётр сказаў, што з'яўляецца супрацоўнікам польскай вайсковай выведкі. На відэа Бяроза кажа, што яму паабяцалі: у выпадку праблем польскі ўрад яго забярэ дадому, для гэтага ён пісаў распіску аб супрацоўніцтве.
Томаш Бяроза Жыў у Кобрыне, мае жонку-беларуску з Кобрынскага раёна. У Томаша ёсць двое маленькіх дзяцей. Па словах мужчыны ў прапагандысцкім фільме, жанчына пасля яго затрымання з'ехала ў Польшчу. Маёмасць мужчыны (прычэп) была арыштаваная, як у даўжніка, і прадавалася з аўкцыёну 25 красавіка 2024 г.
Паводле spring96.org/вх