Беларуская Служба

Васіль Грачыха ваяваў у Палку Каліноўскага адзін месяц

07.05.2025 08:17
Былы каліновец Васіль Грачыха трапіў у рукі беларускага КДБ.
Васіль ГрачыхаФота з ягонай старонкі Уканткце

Беларуская прапаганда паказала арыштаванага 39-гадовага Васіля Грачыху. «Наша Ніва» сабрала базавую інфармацыю пра мужчыну.

Васілю Грачыху 39 гадоў. Паводле інфармацыі з сацыяльных сетак, ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (БГСХА), дзе навучаўся на землеўпарадкавальным факультэце. Яго спецыяльнасць — кадастр і зямельнае права.

Праходзіў службу ў 38-й Асобнай мотаабароннай брыгадзе Беларусі — вайсковай часці дэсантнікаў у Брэсце, якую ў свой час узначальваў Валерый Сахашчык. На фота з сацсетак відаць, што ў кватэры Грачыхі вісеў вымпел брыгады.

Паводле інфармацыі прэс-службы Палка Каліноўскага, Васіль далучыўся да іх у маі 2022 года, але пакінуў падраздзяленне ўжо ў чэрвені таго ж года па ўласным жаданні. Каліноўцы, да якіх звярталася «Наша Ніва», яго не запомнілі.

У сюжэце БТ яго пры гэтым прадстаўляюць мегаваяром, а факт ягонага затрымання — велізарным поспехам.

У сацсетках месцам яго пражывання пазначаная Варшава. Таксама ён выкладаў фота з розных іншых еўрапейскіх краін.

Апошні раз Васіль быў анлайн ва «Укантакце» напрыканцы студзеня 2025 года.

Дата яго арышту невядомая. Таксама незразумела, у якой краіне быў затрыманы Грачыха.

яс