Беларуская Служба

Запушчаная працэдура разгляду і прыняцця абноўленага Акта ЗША аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі

08.05.2025 12:30
Пра гэта паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька https://t.me/parlamentbel/скрыншот

7 траўня была запушчаная працэдура разгляду і прыняцця абноўленага Акта ЗША аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька ў відэазвароце на «Парламенцкім канале».

«Гэта ёсць вынікам нашай паездкі ў Вашынгтон», заявіў палітык:

- У 2004 годзе з нашага сяброўства, знаёмства з кангрэсменам Крыстаферам Смітам і з’явілася гэтая ініцыятыва — Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі. За гэты час — больш за 20 гадоў — былі падтрыманыя дзясяткі, сотні, калі быць дакладным, тысячы ініцыятыў у Беларусі. Масмедыя, праваабаронцы, розныя івэнты, канферэнцыі, падтрымка адукацыных праграм — гэта ўсё Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі.

Як падкрэсліў Анатоль Лябедзька, вельмі добра, што такі закон ёсць і з нейкай перыядычнасцю ён атрымлівае новае жыццё.

Дамоўленасць пра падачу на разгляд абноўленага Акта аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі была дасягнутая на сустрэчы Святланы Ціханоўскай у Кангрэсе ЗША.

Акт аб дэмакратыі быў прыняты ў 2004 годзе і абнаўляўся ў 2006, 2011, 2020 гадах. Ён стаў дэманстрацыяй паслядоўнай падтрымкі з боку ЗША незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай Беларусі, нагадвае «Позірк».

Дакумент пашырае магчымасці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ, жанчынам, якія «выступаюць за свабоду і правы чалавека», палітычным уцекачам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі з іншымі краінамі.

У апошні час абнаўленне дакументу адкладалася. Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведамляў, што акт з папраўкамі можа быць прыняты на пачатку 2024 года, але гэтага не здарылася.

аз

БАЖ і Марыя Калеснікава атрымаюць нямецкую Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека

08.05.2025 07:08
Гэта прызнанне з боку міжнароднай супольнасці таго, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе дадатковай увагі.

КДБ дадало яшчэ 10 чалавек у «спіс тэрарыстаў» 

08.05.2025 11:20
Вось ужо 5 год рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае гэты спіс як рэпрэсіўны інструмент супраць іншадумцаў.