Беларуская Служба

Беларусы сталі больш актыўна падаць заявы на атрыманне палітычнага прытулку ў Грузіі

08.05.2025 13:30
Гэта на фоне планаваных грузінскімі ўладамі зменаў, якія, паводле праваабаронцаў, могуць павялічыць рызыку дэпартацыі ў Беларусь.
Сцяг ГрузііLaila/pixabay.com/CC0

Беларусы больш актыўна сталі падавацца на прытулак у Грузіі на фоне планаў уладаў спрасціць для сябе і ўскладніць для грамадзян працэдуру разгляду заяў. Пра гэта заявіў брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які з 2021 года жыве ў гэтай краіне і больш за два гады змагаецца за атрыманне абароны, паведамляе «Позірк».



Паводле слоў Кісляка, каля дэпартамента па міграцыі МУС збіраюцца чэргі з людзей, якія хочуць падаць заяву на атрыманне палітычнага прытулку ў краіне, сярод іх ёсць і беларусы.

«Я раней ў чарзе беларусаў не сустракаў. Але цяпер кожны дзень некалькі чалавек падаецца на прытулак(…). Напрыклад, былі людзі, якія ўзялі талоны ў 9 гадзін і не змаглі трапіць унутр», — апісаў сітуацыю праваабаронца.

Паводле яго слоў, дэпартамент міграцыі ўвёў электронную чаргу для заяўнікаў, але супрацоўнікі часам не паспяваюць прыняць усіх. Пры гэтым для тых, хто гадзінамі чакае сваёй чаргі, не створаныя адпаведныя ўмовы. У сувязі з гэтым Кісляк і яго калегі-праваабаронцы плануюць звярнуцца да міністра ўнутраных спраў.

«Паводле розных ацэнак, не менш за 20-25 тыс. замежных грамадзянаў жывуць у Грузіі нелегальна. Ёсць сярод іх і беларусы. Пасля прыняцця новага закона павялічыцца рызык дэпартацыі — не выключаю, што і ў Беларусь таксама», — заявіў праваабаронца.

Сярод плануемых змен у міграцыйным заканадаўстве: скарочаная працэдура разгляду заявы на прытулак, сама заява мусіць быць пададзеная не пазней чым праз месяц пасля прыезду ў Грузію. Таксама прадугледжваецца працэдура разгляду заяў ужо на мяжы, спрашчэнне і паскарэнне працэдуры дэпартацыі і выдварэння, увядзенне забароны на ўезд у Грузію пры нелегальным пражыванні ў краіне і парушэнні тэрмінаў абналення тэрміну знаходжання.

«Беларусаў гэта можа моцна зачапіць, бо яны знаходзяцца ў найбольш складаным стане. Іншыя замежнікі могуць памяняць пашпарт у амбасадзе сваіх краін, а мы не», — адзначыў Кісляк, маючы на ўвазе ўказ ад 4 верасня 2023 года № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў».

Падставай для прыняцця зменаў у міграцыйнае заканадаўства Грузіі стаў удзел замежных грамадзян у пратэстах супраць кіроўнай партыі «Грузінская мара» прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, якая стала на шлях канфрантацыі з Еўрасаюзам, а таксама абвінавачваецца апанентамі ў фальсіфікацыі вынікаў кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў.



Грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі на наданне прытулку. Аднак, паводле слоў праваабаронцы, нават нягледзячы на гэта, сама падача заявы легалізуе знаходжанне чалавека ў Грузіі на час разгляду справы і абскарджвання.

«Гэты працэс можа расцягвацца да некалькіх год і невядомы чым скончыцца. Можа, суды ўсё ж будуць даваць статус ці міжнародныя органы будуць прызнаваць парушэнне правоў чалавека», — адзначыў суразмоўца.

аз

Сына дзейнага амбасадара Беларусі ў Грузіі судзілі за ўдзел у пратэстах

27.04.2025 13:54