Беларуская Служба

Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў крамах Беларусі і заклікаў месяц патрываць

08.05.2025 15:30
Беларуская бульба знікла з крамаў праз дыспарытэт цэнаў на яе, бо ў Расіі яны вышэйшыя, і туды вытворцам выгадней прадаваць.
.    .
Бульба. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Alexei/pixabay.com/CC0 Public Domain

Бульба знікла з крамаў у Беларусі праз дыспарытэт цэнаў на яе, бо ў Расіі яны вышэйшыя, і туды вытворцам выгадней прадаваць. Пра недахоп бульбы і гародніны на паліцах беларускіх крамаў Аляксандр Лукашэнка выказаўся 8 траўня на цырымоніі адкрыцця ў Мінску Міжнароднага выставачнага цэнтрa, паведамляе «Свабода».

«Вы хочаце таннейшага свайго ў крамах? І я таксама хачу, каб гэта было. А сяляне жадаюць даражэй прадаць, каб хоць крышку і заробак быў, угнаенні купіць, пасеяць хутчэй. А ў Расіі ўтрая даражэй. Вось яны і пачалі прадаваць, дзе даражэй», - заявіў Лукашэнка.

Ён таксама прызнаў, што атрымаў прапанову ўраду прадаваць лішкі насеннай бульбы, але не падтрымаў яе:

«Таму калі нехта ўжо перажывае за бульбу, ну, месяц вытрываем, але без бульбы не будзем. Даручана Камітэту дзяржаўнага кантролю неадкладна разабрацца ўва ўсіх сетках і далажыць, чаго ў нас не хапае», — заявіў Лукашэнка

Як вынікае з справаздачы КДК аб красавіцкім маніторынгу крамаў, у 11% абʼектаў гандлю бульбы ў продажы не было, а ў 18% яна была толькі мытая, цана на такую не рэгулюецца. У кожнай трэцяй краме не было капусты, а ў шэрагу крамаў бульбы за рэгуляваную цану не было зусім.

Прэм’ер Турчын патлумачыў Лукашэнку прычыны такой сітуацыі. Галоўная з іх — недахоп бульбы ў стабілізацыйных фондах.

Паводле інфармацыі прэмʼера, на 16 красавіка 2025 года на складах заставалася менш за 4000 тон бульбы. Гэтага не хопіць нават да канца вясны, бо патрэбы ўнутранага рынку на паўтара месяца ацэньваюцца ў аб’ёме каля 12 тысяч тон.

Турчын тлумачыць прычыны заканчэння бульбы на складах павелічэннем экспарту, то бок вывазам бульбы за мяжу — пры розніцы цэнаў у Беларусі і Расіі.

Абмежаванні на вываз бульбы, якія ўвёў урад, не дапамаглі. Адначасова выйшла пастанова ўраду, якая павысіла гранічныя гуртовыя і раздробныя цэны бульбы. Гуртовая цана бульбы цяпер складае 1 рубель, раздробная — 1,5 рубля.

Але такое падвышэнне, хутчэй за ўсё, не спыніць экспарту рэштак беларускай бульбы ў Расію.

аз

«З улікам запатрабаванасці». У Беларусі павялічаць пасяўныя плошчы пад бульбу

06.05.2025 16:12
У Беларусі нечакана ўзніклі праблемы з бульбай, нават паабяцалі прадаваць насенную, каб задаволіць попыт у крамах.