Беларуская Служба

Літва накіруе на мяжу з Беларуссю дадатковыя войскі

09.05.2025 17:57
Гэты крок афіцыйнай Вільні - адказ на рост колькасці нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перасячы граніцу з Беларусі.
Літоўскі памежнік на ахове мяжы з БеларуссюКрыніца: State Border Guard Service/Lithuania/X

Літва накіруе дадатковыя вайсковыя сілы на літоўска-беларускую мяжу ў адказ на рост колькасці нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перасячы граніцу з Беларусі. Пра гэта паведамляе сайт літоўскай тэлерадыёкампаніі LRT.

Начальнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы генерал Рустам Любаеў паведаміў, што яго ведамства дамовілася з Узброенымі сіламі краіны аб размяшчэнні дадатковых войск уздоўж мяжы з Беларуссю у раёне горада Варэна, пачынаючы з чацвярга, 8 мая.

Пры гэтым генерал Любаеў не назваў лічбы дадатковых войск, абгрунтаваўшы гэта тым, што гэта - непублічная інфармацыя.

Інфармацыйнае агенцтва ELTA паведаміла, што за суткі на раніцу чацвярга літоўскія памежнікі адправілі назад 48 чалавек, якія спрабавалі нелегальна перасячы беларуска-літоўскую мяжу. На днях група мігрантаў закідала літоўскіх памежнікаў камянямі і палкамі. Падобная сітуацыя здарылася некалькі дзён таму на беларуска-польскай мяжы.

вс