Беларуская Служба

Фракцыя «Беларусы» вылучыла кандыдатуру Кныровіча на выбары спікера КР

12.05.2025 15:30
Паралельна з выбарамі спікера 13 траўня пройдзе галасаванне адносна паправак у статут Каардынацыйнай рады.
Аляксандр Кныровічpozirk.online

Фракцыя «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе (КР) вылучыла кандыдатуру свайго члена — прадпрымальніка, бізнес-ментара, блогера Аляксандра Кныровіча — на выбары спікера КР.

Выбары прызначаныя на 13 траўня. У той самы дзень перад электаральнай працэдурай адбудзецца абмеркаванне кандыдатур, паведамляе «Позірк».

Раней паведамлялася, што фракцыя «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» (у яе ўваходзіць дзейная спікер КР Анжаліка Мельнікава, пра знікненне якой стала вядома напрыканцы сакавіка) плануе вылучыць на выбары кандыдатуру свайго члена — намесніка кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Арцёма Брухана. Варта адзначыць, што НАУ ачольвае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і лідар вышэйзгаданай фракцыі Павел Латушка.

Паралельна з выбарамі спікера 13 траўня пройдзе галасаванне адносна паправак у статут КР. Калі яны будуць прынятыя, колькасць віцэ-спікераў павялічыцца з аднаго да двух.

У «Каманды Латушкі і Руху «За Свабоду» — найбуйнейшай фракцыі ў КР — 28 з 80 месцаў, у фракцыі «Беларусы» — 9. Іншыя групы, прадстаўленыя ў гэтай палітычнай структуры, свае кандыдатуры на пасаду спікера пакуль не ўносілі.

Пытанне правядзення выбараў спікера КР стала актуальным пасля знікнення спікер КР Анжалікі Мельнікавай і пасля таго, як цяперашняя выканаўца абавязкаў старшыні структуры Станіслава Гліннік заявіла, што не будзе прэтэндаваць на пасаду спікера. Аб гэтым яна заявіла на пасяджэнні Каардынацыйнай рады 6 траўня.

аз

«Беларусам — свабоды, а Украіне — перамогі» — Святлана Ціханоўская да Дня Перамогі (ВІДЭА)

09.05.2025 13:09
«Асабліва балюча глядзець, як гэты дзень цяпер выкарыстоўваюць для апраўдання новай вайны».