Беларускія мытнікі выявілі ў грамадзянкі Беларусі, якая ехала з Польшчы, амаль 300 сярэбраных манет, якія яна спрабавала схаваць ад кантролю пры перасячэнні мяжы, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на Дзяржаўны мытны камітэт.
Паводле інфармацыі ДМК, 62-гадовая жанчына ехала ў якасці пасажыркі легкавога аўтамабіля праз пункт пропуску «Брэст». Яна вусна заявіла пра перамяшчэнне прадуктаў і ўжываных асабістых рэчаў і абрала на мытні «зялёны калідор».
«Пры аглядзе транспартнага сродку мытнікі з рэчаў, якія належаць грамадзянцы, пластыкавых кантэйнераў і завадской аўтамабільнай сумкі, размешчаных у аўто, дасталі манеты розных наміналаў», — паведамілі ў камітэце.
Выяўленыя грошы былі адпраўленыя ў мытную лабараторыю для правядзення экспертызы, якая паказала, што 79 з 296 манет адносяцца да культурных каштоўнасцей, бо былі адчаканеныя больш за сто гадоў таму.
Манеты агульным коштам каля 36 тысяч рублёў, якія падлягалі дэклараванню, да рашэння суда ў жанчыны канфіскаваныя.
У дачыненні да яе Брэсцкая мытня распачала адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП. Паводле яго прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь (1260 рублёў) з магчымай канфіскацыяй манет і машыны, на якой яны перавозіліся.
аз