На пляцоўцы «Куфар» з’явіліся аб’явы аб продажы гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць вольныя слоты для запісу на падачу дакументаў для польскай візы. Геалакацыя абодвух аб’яваў — Гродна і вобласць, паведамляе старонка Hrodna.life.
Аб’явы ў раздзеле «Гатовы бізнес» выклаў карыстальнік пад імем Валерый. Тавар — код для бота. У сакавіку гатовы бот каштаваў 800 руб., у траўні кошт вырас да 900 руб. Абедзве аб’явы прапануюцца для аўдыторыі з Гродна і вобласці.
Улічваючы, што зараз беларусы гатовы плаціць ад 400 рублёў за дапамогу ў рэгістрацыі на візы, пакупнік у тэорыі мог бы акупіць укладанні з двух першых кліентаў.
З-за высокага попыту і немагчымасці самастойна запісацца ў візавыя цэнтры, беларусы прыдумваюць розныя схемы, якія спрашчаюць працэс падачы дакументаў.
У верасні 2024 стала вядома, што беларусы з іншых рэгіёнаў змяняюць прапіску на Гродзенскую. Для гэтага яны знаходзяць пасярэднікаў, гатовых прапісаць іх ва ўласнай кватэры і плацяць за паслугу да 300 рублёў. На той момант атрымаць працоўную візу ў Гродне было прасцей, чым у Мінску ці Брэсце.
Працэс атрымання польскай візы для беларусаў ускладнены. Штат консульскіх супрацоўнікаў у Мінску, Брэсце і Гродне за апошнія чатыры гады моцна скараціўся і візавых анкет сталі прымаць менш.
Са студзеня 2024 года польскі ўрад скасаваў праграму выдачы візаў для фрылансераў, стартапераў і супрацоўнікаў сферы IT «Poland. Business Harbour».
Нават з запрашэннем ад сваякоў, сяброў ці працадаўцы запісацца на атрыманне візы самастойна амаль немагчыма. Фірмы-пасрэднікі, якія прапануюць дапамогу ў запісе на польскую візу, бяруць за свае паслугі ад 400 да 1000 рублёў з чалавека ў залежнасці ад тыпу візы.
аз