Беларуская Служба

Стала вядома, калі адкрыюць Чырвоны касцёл у Мінску

13.05.2025 07:35
З мясцовага бюджэту Мінска на новую рэканструкцыю павінна быць выдзелена амаль 10 млн рублёў.
Чырвоны касцёл у Мінску Włodzimierz Pac, Polskie Radio

Буйныя работы па рэканструкцыі Чырвонага касцёла(святога Сымона і святой Алены) ў Мінску завершацца не раней за 2027 год. Толькі пасля гэтага можна чакаць адкрыцця каталіцкай святыні, паведамляе katolik.life. са спасылкай на дакументацыю, з якой удалося пазнаёміць старонцы.



Яна(старонка- рэд.) нагадвае, што прайшло два месяцы з таго часу, як афіцыйна было заяўлена аб хуткім пачатку будаўнічых работ у закрытым ужо больш за два з паловай года Чырвоным касцёле ў Мінску. Некаторыя СМІ нават паведамлялі, што рамонт пачнецца ў сакавіку. Але да гэтага часу сітуацыя ніяк не змянілася — у храме па-ранейшаму не вядуцца ніякія працы.

14 сакавіка дырэктар дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына» заяўляў аб тым, што рамонтна-аднаўленчыя работы ў будынку храма пачнуцца пасля вывазу парафіяй сваёй маёмасці.

У парафіі прынялі гэтыя ўмовы. Вываз маёмасці завяршыўся яшчэ да канца сакавіка.

Што канкрэтна збіраюцца рабіць можна здагадацца, аналізуючы дакументы абвешчанага тэндэру на выбар генпадрадчыка. Дарэчы, гэта ўжо другі тэндэр, тэрмін якога заканчваецца 15 траўня, а першы быў прызнаны несапраўдным.

Праект прадугледжвае, у прыватнасці, рамонт даху, усталяванне шклянога казырка, вонкавых інжынерных сетак, аконных праёмаў, супрацьпажарных перагародак, пакрыцця падлог, комплекс сантэхнічных і электрамантажных работ, мерапрыемствы для стварэння безбар'ернага асяроддзя, новае маналітнае перакрыццё.

Што тычыцца электраправодкі, то «праектам прадугледжана абарона раздымнымі кажухамі існуючых кабельных ліній». Таксама плануецца рамонт сістэм ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі.



З мясцовага бюджэту Мінска на новую рэканструкцыю павінна быць выдзелена амаль 10 млн рублёў. Тэрмін работ – 20 месяцаў. Яны павінны пачацца ў чэрвені 2025 года і завяршыцца ў снежні 2026 года, а здача аб'екта ў эксплуатацыю запланавана на студзень 2027 года.

аз

«Здарылася найгоршае». Прыхаджане Чырвонага касцёла трывожацца, што не хутка вернуцца ў храм

28.03.2025 17:20
Завершаны вываз маёмасці з касцёла і названы меркаваны тэрмін яго «рэстаўрацыі».