Беларуская Служба

Люксембург выдзяляе 250 000 еўра на дапамогу палітвязням

14.05.2025 07:31
Рашэнне прынятая па выніках працоўнага візіту ў гэтую краіну Святланы Ціханоўскай.
    -
Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных спраў Люксембурга Ксаўе БетэлемСветлана Тихановская/t.me/tsikhanouskaya

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл прыняла ўдзел у міністэрскай сустрэчы Рады Еўропы, дзе было абвешчана пра стварэнне трыбуналу за злачынствы Расіі супраць Украіны, якая прайшла ў Люксембургу.  

Святлана Ціханоўская выступіла перад міністрамі з тлумачэннямі ролі рэжыму Лукашэнкі ў вайне, а таксама данесла неабходнасць прыцягнення ўсіх датычных да адказнасці.

Апроч таго Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных спраў Люксембурга Ксаўе Бетэлем. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся шляхі падтрымкі беларускага народа, еўрапейская інтэграцыя і адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы.

Міністр Бетэль паінфармаваў, што Люксембург далучаецца да міжнароднага гуманітарнага фонду і ўжо выдзеліў 250 000 еўра для лячэння і рэабілітацыі палітвязняў і рэпрэсаваных у Беларусі.

Святлана Ціханоўская падзякавала ўраду Люксембургу за падтрымку.

«Гэта моцны сігнал падтрымкі для беларускага народа. Мы дзякуем Люксембургу за прынцыповую пазіцыю, падтрымку на пляцоўках Рады Еўропы і ААН. Унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапаможа аднавіцца тым, хто прайшоў праз турмы, катаванні і пераслед. Я заклікаю Люксембург не спыняцца на гэтым — і далей уздымаць пытанні, датычныя Беларусі, на міжнародных пляцоўках. У прыватнасці, дапамагаць шукаць шляхі і спосабы вызвалення палітвязняў».

Крыніца: Светлана Тихановская/юл