Беларуская Служба

У Літве юрыдычна ацэняць выказванні Эдуардаса Вайткуса ў Мінску

14.05.2025 18:18
Палітык лічыць, што Літва ідзе «шляхам знішчэння літоўцаў і літоўскай дзяржаўнасці», а таксама выказаўся супраць падтрымкі Літвой беларускага дэмакратычнага руху.
Эдуардас Вайткус са старшынёй партыі «Белая Русь» Алегам РаманавымФота: sb.by

Як паведамілі ў літоўскай Генпракуратуры, кіраўніцтву Дэпартамента паліцыі даручана «ініцыяваць высвятленне фактычных абставін і прыняць адпаведнае працэсуальнае рашэнне ў парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам», паведамляе «Наша Ніва».

Эдуардас Вайткус прыязджаў у Мінск на запрашэнне праўладнай партыі «Белая Русь». Ён даў у сталіцы Беларусі прэс-канферэнцыю і выступіў на Беларускім тэлебачанні.

У Мінску Вайткус заявіў, што ў Літве «няма легітымнага прэзідэнта». Дзеючы прэзідэнт краіны, Гітанас Наўседа, на думку Вайткуса, быў абраны нелегітымна.

Палітык лічыць, што Літва ідзе «шляхам знішчэння літоўцаў і літоўскай дзяржаўнасці», а таксама выказаўся супраць падтрымкі Літвой беларускага дэмакратычнага руху.

Эдурдас Вайткус удзельнічаў і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Літве. Ён узначаліў спіс Літоўскай народнай партыі на парламенцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар'ера.

Кандыдатам у прэзідэнты Літвы палітык атрымаў значную падтрымку ў такіх рэгіёнах Літвы, як Салечнікі і Вісагінас, дзе яго перадвыбарчыя матэрыялы распаўсюджваліся на рускай мове. Яго агульны вынік — 7,31%.

Цяпер Вайткус працягвае сваю палітычную дзейнасць, спрабуючы стварыць партыю «Новая палітычная сіла».

эж