Сябра фракцыі «Каманда Латушкі і рух «За Свабоду», супрацоўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан абраны новым спікерам Каардынацыйнай рады.
Як паведаміла прэс-служба КР, у галасаванні, якое праходзіла з 13 па 14 траўня, прынялі ўдзел 69 з 79 дэлегатаў.
34-гадовы Брухан атрымаў 50 галасоў, яго апанент 51-гадовы экс-бізнесмэн, прадстаўнік фракцыі «Беларусы» Аляксандр Кныровіч — 11. Восем чалавек устрымалася.
У сваёй праграме Брухан абяцаў: заснаваць пасаду другога віцэ-спікера ў КР, зарэгістраваць КР як юрыдычную асобу, стварыць бюджэтную камісію і «дабіцца справаздачы выкарыстання фінансавых сродкаў КР другога склікання».
Таксама сярод пунктаў — падтрымка беларусаў замежжа і «прыярытызацыя працы ўнутры Беларусі, арганізацыя публічных слуханняў Аб’яднанага пераходнага кабінета да штогадовай канферэнцыі «Новая Беларусь», падрыхтоўка да выбараў у КР чацвёртага склікання.
Акрамя таго, Брухан абяцае правесці слуханні «па рэформах у розных сферах з публічным абмеркаваннем экспертамі і грамадзянскай супольнасцю», стварыць анлайн-рэестр рашэнняў і галасаванняў КР у адкрытым доступе.
Брухан — былы супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама.
Пасада спікера КР аказалася вакантнай пасля знікнення ў канцы сакавіка Анжалікі Мельнікавай, якая яе займала.
Pozirk/яс