Беларуская Служба

Улады Віцебскай вобласці ўхвалілі ўсталяванне памятнага знака ў гонар ліквідатараў аварыі на ЧАЭС у Оршы

15.05.2025 19:26
Пытанне пра неабходнасць захавання памяці пра загінулых ліквідатараў падымаецца ўжо 20 гадоў.
 . 2007
Чарнобыльская АЭС. 2007 год commons.wikimedia.org/IAEA Imagebank/CC BY-SA 2.0

Віцебскі аблвыканкам падтрымаў праект мясцовых жыхароў, якія выступілі з прапановай пра ўсталяванне памятнага знака ў гонар ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Памятны знак будзе ўсталяваны ў Оршы, а сама ініцыятыва атрымае падтрымку з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Афіцыйнай інфармацыі пра дакладнае месца ўсталявання памятнага знака пакуль няма, але ўжо можна лічыць перамогай тое, што амаль праз 40 гадоў пасля трагедыі ў Чарнобылі ўлады вырашылі ўшанаваць памяць тых, хто аддаў жыцці і здароўе, ліквідуючы наступствы катастрофы.

У самім горадзе Віцебску актывісты ўжо 20 гадоў змагаюцца за тое, каб памяць пра ліквідатараў аварыі на ЧАЭС была захаваная, аднак станоўчага водгуку ад улад гэтак і няма. Актывісты калісьці ініцыявалі акцыю «Вянок памяці»: былыя ліквідатары кожны год пускалі па Дзвіне вянок з жалобнай стужкай. Але абласныя ўлады і праваслаўная царква забаранілі гэту акцыю, а яе ўдзельнікаў неаднаразова затрымлівалі і вінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск