Беларуская Служба

«Быццам бы год не елі». Беларусы размялі ўсю ежу з безлімітнага рэстарана ў дзень адкрыцця — установа прыпыніла працу

17.05.2025 12:36
«У мяне проста няма слоў». Уражанні блогера.
 .
Новы рэстаран.Фота: Zerkalo / скрыншот відэа TikTok / kseniya. ivanovskaya

У Мінску 16 мая адкрыўся новы рэстаран азіяцкай кухні UMI, яго асаблівасць у тым, што працуе ён у фармаце шведскага стала, аднак у першы ж дзень працы там быў такі наплыў наведвальнікаў, што ў выніку рэстаран закрыўся да 20 мая. Аб інцыдэнце распавяла блогер Ксенія Іваноўская на сваіх старонках у сацсетках, якая да гэтага рэкламавала яго адкрыццё, аб чым піша Zerkalo.

Да адкрыцця паведамлялася, што наведвальнікаў чакае безліміт ежы на дзве гадзіны па фіксаваным кошце — 35 рублёў па буднях, і 49 рублёў за тры гадзіны па буднях і ўвесь дзень у выходныя. Знаходзіцца ўстанова ў гандлёвым цэнтры «Чэрвеньскі». У дзень адкрыцця вырашылі зрабіць прыемнае гасцям і аб’явілі безліміт за 35 рублёў не на дзве гадзіны, а на ўвесь дзень, і ў выніку палова ежы потым апынулася на памыйніцы, адзначыла Ксенія.

— Я толькі што была ў UMI, ён побач, вырашыла зайсці спытаць, як у іх справы, я была ў жаху ад таго, як непрыгожа сябе паводзілі нашы людзі. Вось ім далі свабоду, зрабілі нават 35 рублёў на цэлы дзень уваход. Ведаеце, што людзі зрабілі? Яны прыйшлі і кажуць: «А з сабой можна? » Не? Добра, тады мы набярэм на тры талеркі кучу ежы, усё гэта не з’ямо, і вы гэта ўсё выкінеце. І дзякуючы такім, як мы, кухары на кухні будуць загружаныя на 100%, яны будуць не паспяваць папаўняць запасы страў за секунду, з-за гэтага іншыя людзі будуць абурацца, што яны не могуць паспрабаваць усё,  — патлумачыла дзяўчына ў Instagram.

Паводле яе слоў, у выніку была куча негатыву проста з-за таго, што «як з ланцуга сарваліся некаторыя асобы, проста, як саранча наляцелі, як быццам год не елі».

«У мяне проста няма слоў»,  — дадала яна.

нг