ЕС плануе скарачэнне дыпламатычных супрацоўнікаў для эканоміі бюджэту, спасылаючыся на выданне Politico, піша «Наша Ніва». Скарачэнні закрануць краіны, да якіх Брусэль больш не адчувае «моцную цікавасць». Сярод іх называюць Беларусь.
Еўрапейскі Саюз плануе скараціць колькасць супрацоўнікаў каля 10 дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой і звольніць каля 100 мясцовых працаўнікоў. Прычына — эканомія бюджэту і змена знешнепалітычных прыярытэтаў.
Паводле плана, прадстаўленага галоўнай дыпламаткай ЕС Каяй Калас, некаторыя прадстаўніцтвы — як, напрыклад, у Беларусі — будуць зведзены да мінімуму: толькі пасол і некалькі памочнікаў.
Частка супрацоўнікаў будзе працаваць з дому, што, паводле чыноўнікаў, фактычна азначае закрыццё такіх офісаў.
Пры гэтым, у іншых краінах, наадварот, плануецца ўзмацненне дыпламатычнай прысутнасці. Змены звязаныя з тым, што ЕС цяпер аддае перавагу стратэгічным задачам: замест развіцця гуманітарнай дапамогі — санкцыям і супрацоўніцтву ў абароне.
План рэформаў будзе рэалізаваны цягам наступных двух гадоў. Аптымізацыя павінна прывесці да эканоміі каля 9 мільёнаў еўра.
Аднак еўрачыноўнікі папярэджваюць: у будучыні магчымыя яшчэ больш глыбокія скарачэнні ў межах агульнага бюджэту ЕС.
эж