Беларускія эмігранты ў Польшчы арганізаваліся, пералічылі адсоткі ад сваіх падаткаў і стварылі на гэтыя грошы летнік для дзяцей палітвязняў у Белавежскай пушчы. З ініцыятаркай праекта Марыяй Грыц размаўляе наш карэспандэнт.
— І так, Марыя, дзякуючы вашай ініцыятыве і праекту сёлета дзеці беларускіх палітвязняў і са шматдзетных сем’яў змогуць адпачыць у адмысловым летніку. Як гэта ў вас атрымалася?
— Гэта будзе дзіцячы летнік. Ёсць такая платформа — “Свае”, якая раней называлася “Новая Беларусь”, а потым, каб не было сугучна з палітычным рухам, змяніла назву. Там праводзілася акцыя з заклікам пералічваць свае паўтара адсотка ад падаткаў у агульны “слоік”, і потым тыя, хто скідваліся, абіралі канкрэтны праект, на які трацілі гэтыя грошы. Я ўдзельнічала ў гэтай ініцыятыве — і мой праект перамог.
— Што сабой будзе ўяўляць гэты дзіцячы летнік?
— Мая мара была — памятаеце, у “Каласах пад сярпом тваім” дзетак з багатых сем’яў аддавалі ў сялянскія на гадаванне? І мне вельмі спадабалася гэтая ідэя: што можна перадаць наступным пакаленням не тугу па радзіме, гора ад рэпрэсій — увесь гэты цяжар і маральны флёр, які мы нясём на сваіх дарослых плячах, — а паказаць ім нейкую іншую Беларусь, якой хочацца захапляцца, у якую хочацца закахацца, як у “Ладдзе роспачы”.
Усё надзвычай добра склалася. Я знайшла дамок адной экалагічнай недзяржаўнай установы, якая па нізкіх коштах здае яго нам у арэнду.
— Але, наколькі я разумею, дамок — гэта толькі палова справы. А што вы там прапануеце дзецям?
— У нас плануецца вельмі класная праграма. Прыедуць рэканструктары паўстання Каліноўскага — разаб’юць там свой лагер. Прыедзе мастачка, якая будзе распавядаць пра беларускую міфалогію і вучыць дзетак маляваць. Будзем вучыць беларускія песні, гуляць у традыцыйныя беларускія гульні, рабіць выцінанкі, будзе неймаверна цікавая экскурсія ў Белавежскую пушчу.
Для мяне вельмі істотна, каб мы разумелі: хоць і страцілі радзіму, але ў нас ёсць месцы, дзе можам адчуваць сваю сілу. А Белавежская пушча — гэта тое месца. Я знайшла там жанчыну з беларускай нацыянальнай меншасці, якая так распавядае пра пушчу, што можна страціць прытомнасць. А яшчэ прыедзе да нас бортнік, у якога ў Польшчы вучацца гэтай справе.
Таксама да нас завітае вядомы ганчар. Ён запланаваў так, каб усё, што дзеці налепяць, паспела высахнуць, абпаліцца — і каб яны змаглі забраць сувенірчык з сабой.
— Колькі дзетак змогуць адпачыць у гэтым летніку, дзе ён будзе адбывацца? І яшчэ цікава, колькі людзей аддалі свае падаткі на гэтую ідэю?
— Я не ведаю, якія дакладна людзі скідваліся на гэты праект. Але ён адбудзецца ў вёсцы Цераміскі побач з Белавежай. Там раней была школа, пазней яе будынак выкупілі і перарабілі — цяпер там месцяцца недзяржаўныя ініцыятывы. Юрыдычную падтрымку мне аказала фундацыя “Тутака”, бо разабрацца ў польскім заканадаўстве не так і проста.
У нас будзе тры заезды дзяцей па 18 чалавек ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў. Першымі заедуць дзеці палітвязняў, якія жывуць у Літве.
— Як вы наогул адбіралі дзетак у свой летнік?
— Найперш мы бралі дзяцей, у якіх адзін ці нават абое бацькоў знаходзяцца ў зняволенні па палітычных прычынах. І, канешне, прыярытэт аддавалі шматдзетным сем’ям.
Цікава назіраць, як адрозніваецца стаўленне бацькоў, калі ў сям’і адно дзіця ці калі дзяцей шмат. Калі адно дзіця — то мамы і таты шмат пытанняў задаюць: а дзе вы, а што вы, а колькі разоў будзеце харчавацца, а якія там умовы…
Калі шматдзетная сям’я — то там пытаюць толькі пра дату заезду: маўляў, скажыце, куды і калі прывесці дзяцей, а ў астатнім мы вам цалкам давяраем. Людзі моцна стомленыя, і для іх важна хоць нейкі час пабыць сам-насам. І гэта таксама мая мэта — даць людзям перадыхнуць.
— У які перыяд будзе дзейнічаць летнік?
— Гэта будзе ліпень — адзін заезд з Літвы, і ў жніўні два. Дзеткі будуць ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў. Бацькам трэба будзе толькі давесці іх да Беластока і перадаць мне.
— Хто будзе апекавацца дзецьмі? Ці ёсць ужо такая каманда?
— У мяне набралася цікавая каманда маіх суарганізатараў. Мы цалкам адказныя за тое, як будуць харчавацца дзеці. Хлопцы-важатыя ў мяне нават з нейкімі спартыўнымі дасягненнямі, з досведам — яны ўдзельнічалі ў такіх праектах у Беларусі. Таксама практыкавалі падыход Мантэсоры, бо ў нас не будзе падзелу на групы па ўзросце, а важна, каб у летніку было цікава і тым, каму 12, і тым, каму 18. І будзе, натуральна, польская апякунка, бо заканадаўства гэтага патрабуе.
— Што датычыцца ўмоў пражывання ў летніку…
— Там умовы такія, што я б сама хацела пабыць там у дзіцячым узросце. Гэта перабудаваны будынак былой школы. На першым паверсе — вялікая сталовая з прыгожым сталом. На другім — дзе раней былі класы — цяпер спальныя пакоі. Шафы, душавыя, прыбіральні — усё ўнутры будынка. Уся цывілізацыя ёсць, а за плотам можа стаяць зубр і глядзець, што ты там робіш, ці не хочаш выкінуць лушпіны, каб ён пажывіўся. Або, напрыклад, жураўлі гуляюць па вёсцы. Я адчувала сябе там дыснеяўскай прынцэсай, бо прырода там настолькі спакойная і ненапалоханая.
— Напэўна, не ўсе жадаючыя дзеткі здолеюць туды патрапіць сёлета?
— Так, ахвотных было больш, чым мы маглі размясціць. Я звярнулася да праваабарончых арганізацый, якія займаюцца палітвязнямі — і яны прапаноўвалі нам дзетак з такіх сем’яў. І яшчэ мы бралі дзетак ваяроў, бо ім таксама патрэбна дапамога. Любыя беларускія дзеткі могуць удзельнічаць у нашым праекце. Сёлета я нават не давала ніякай рэкламы — “сарафаннае радыё” ўсё разнесла. Я заахвочваю людзей сачыць за нашым праектам і думаю, што калі сёлета ўсё атрымаецца, то з наступнага года зможам прыняць больш ахвотных. Нам трэба, нават тут, у эміграцыі, перадаваць прышчэпы беларускасці наступным пакаленням.
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ