На тэрыторыі Беларусі няма ядзернай зброі, заявіў у інтэрв'ю агенцтву «Укрінформ» кіраўнік Службы знешняй разведкі (СЗР) Украіны Алег Івашчанка.
«Носьбіты ёсць. Ёсць самалёты, ёсць АТРК "Іскандэр". Але самай ядзернай зброі ў Беларусі няма. Гэта факт», — заявіў Івашчанка.
Паводле слоў кіраўніка СЗР, беларускі бок уладкоўвае месцы захоўвання, «рыхтуюць, будуюць»: «Лукашэнка гаворыць, што да канца года ў іх будзе [ракетны комплекс] "Арэшнік". Але гэта падобна на прыняцце жаданага за сапраўднае. На сёння — нічога такога няма, і малаверагодна, што з'явіцца».
Таксама Івашчанка заэўнівае, што ўлады Украіны маюць усю інфармацыю па маючых адбыцца беларуска-расійскіх ваенных вучэннях «Захад-2025».
Напрыклад, на вучэнні, якія будуць праходзіць на палігонах у Беларусі і Расіі, запросяць кітайцаў.
«Згодна з задумай вучэнняў, будзе разыгрывацца аператыўны эпізод супрацьстаяння дзвюх кааліцый дзяржаў. Адна — пад кіраўніцтвам Расіі, другая — краіны, якія сёння падтрымліваюць Украіну, нашы еўрапейскія партнёры».
Таксама кіраўнік Службы знешняй разведкі (СЗР) Украіны Алег Івашчанка заявіў, што «літаральна кожныя вучэнні Расіі і Беларусі ўключаюць тэму "ўстанаўлення кантролю над Сувалскім калідорам». «Гэта не фантазіі, а частка іх стратэгічных сцэнарыяў», — падкрэсліў ён.
Але разам з тым сёння беларускае войска «не здольнае на маштабныя баявыя дзеянні».
«Усё, што яны трымаюць ля нашай мяжы — гэта каля дзвюх тысяч вайскоўцаў, — толькі для таго, каб мы адцягваліся, — кажа Івашчанка. — Гэта значыць баявы склад невялікі, перад вайной быў няздольны весці наступальныя дзеянні, і маральна іх вайскоўцы да гэтага не гатовыя, каб ён уступіў у вайну. Самі беларусы — і вайскоўцы, і звычайныя людзі — гэтага не хочуць.
Кіраўнік СВР заявіў, што ў 2022 годзе, калі ў Расіі, якая планавала скончыць вайну «за тры дні», з’явіліся праблемы з узбраеннем, Беларусь «перадала ім усё, што магла, са сваіх складоў»: боепрыпасы, тэхніку — Т-72, БМП-2, прыцэлы, бронекамізэлькі, шлемы, станкі. «Цяпер яны наладзілі яшчэ вытворчасць боепрыпасаў, якіх не хапае Расіі. Рэактыўныя, ствольныя — усё, што трэба для вайны. Беларускі ВПК стаў прыдаткам расійскага. Каля 80 працэнтаў беларускіх прадпрыемстваў ВПК інтэграваны ў расійскі ВПК. Гэта фактычна адна база», — адзначыў Івашчанка.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпісалі дамову аб гарантыях бяспекі 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент "вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу" дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама размова ідзе аб «цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі і знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існуючых сіл і сродкаў».
вх