Беларуская Служба

Сталася вядомае імя трэцяй асобы, абвешчанай Інтэрполам у вышук за захоп самалёта «Ryanair»

27.05.2025 09:22
Андрэй А., прозвішча якога раней не называлі, выявіўся начальнікам 9-га галоўнага ўпраўлення КДБ.
Супрацоўнік КДБ Андрэй Мыцько і герб КДБ Калаж: Кіберпартызаны/Kgb.by/Белсат

У верасні 2024 года суд у Варшаве завочна арыштаваў трох беларусаў у справе аб тэрарызме ў сувязі з захопам самалёта «Ryanair» у 2021 годзе. Паведамлялася, што гэта начальнік Беларускай аэранавігацыі Леанід Чуро, начальнік змены кантролю палётаў Яўген Цыганоў і афіцэр КДБ Андрэй А., прозвішча якога не называлі. У студзені 2025 года Інтэрпол выдаў «чырвонае апавяшчэнне» на іхны вышук. Але прозвішча афіцэра КДБ Андрэя А. М. так і не агучылі – толькі першую літару, паведамляе Белсат.

Прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы паведаміў «Белсату», што трэці чалавек у вышуку – начальнік 9-га галоўнага ўпраўлення Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Андрэй Анатольевіч Мыцько.

У пракуратуры таксама расказалі, што арышту гэтых трох асобаў будуць дамагацца праз Інтэрпол і еўрапейскія ордары на арышт, а звяртацца ў Беларусь праз механізмы міжнароднай супрацы не збіраюцца.

Пра Андрэя Мыцько вядома мала. У 2008 годзе яго называлі намеснікам начальніка аднаго з аддзелаў КДБ. Адметна, што справа тады была звязаная з карупцыяй на будаўніцтве, у тым ліку Нацыянальнага аэрапорту «Мінск»: замаўлялі амерыканскія кампазітныя алюмініевыя панэлі для фасаду, а паставілі няякасныя беларускія.

У «Воку Змагара» – праекце «Кіберпартызанаў» у пошуку сілавікоў – пазначана, што Андрэй Анатольевіч Мыцько працуе ў КДБ, нарадзіўся 11 жніўня 1973 года. Больш пра яго звестак няма.

У «BELPOL» пацвердзілі «Белсату», што такі чалавек сапраўды з’яўляецца работнікам КДБ (в/ч 10091) і мае такое фота, як у базе «Кіберпартызанаў». Але якая ў яго пасада цяпер, дакладна невядома. У 2006-м ён быў намеснікам начальніка аднаго з падраздзелаў у пытаннях эканомікі КДБ, а на 2021 год мог зрабіцца ўжо і кіраўніком 9-га ўпраўлення, дадаюць у «BELPOL».

Дзявятае ўпраўленне – гэта ўпраўленне эканамічнай бяспекі, расказалі ў «BELPOL». Дэпартамент авіяцыі – гэта «іхны аб’ект», кажуць у аб’яднанні.

Белсат/ав