Журналісты-расследавальнікі з Дацкай вяшчальнай карпарацыі атрымалі доступ да дакументаў расійскага фонду падтрымкі суайчыннікаў за мяжой. З масіву дадзеных, які апрацавалі журналісты партала «Бюро» сумесна з «Кіберпартызанамі», вынікае, што Крэмль сістэмна фінансуе прарасійскую актыўнасць у Беларусі, у тым ліку, і у Віцебскай вобласці.
Сярод тых, хто атрымліваў падтрымку з Масквы, – былы чыноўнік з Віцебска Андрэй Герашчанка і прапагандыстка «русского мира» Эльвіра Мірсалімава. Герашчанка з 2018 года атрымаў каля 70 тыс. долараў на выданне сваіх кніг пра Вялікую Айчынную вайну і вядзенне сайта «Разам з Расіяй». Яго ганарары ішлі наўпрост з расійскага гранта.
А Мірсалімавай кампенсавалі штраф у памеры 2 тыс. 600 рублёў і аплацілі паслугі адваката пасля таго, як яна была асуджаная за прапаганду нацызму і дэманстрацыю забароненай сімволікі. Грошы былі атрыманы праз рахунак яе мужа ў расійскім банку.
Гэтыя факты – яшчэ адзін прыклад таго, як Расія праз грошы і лаяльных актывістаў прасоўвае свае інтарэсы ў Беларусі, пагражаючы суверэнітэту краіны.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск