Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі: Расія прапанавала Беларусь для перамоў, але гэта немагчыма

28.05.2025 11:48
«Беларусь — краіна, з якой ляцелі ракеты, і адкуль прыйшлі войскі. Яна саюзнік агрэсара. Таму для нас гэта немагчыма», — сказаў Зяленскі.
      -
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае на прэс-канферэнцыі ў Кіеве EPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў расійскую прапанову правесці перамовы ў Беларусі несур’ёзнай. Як адзначыў палітык у каментары для Reuters, Беларусь не можа быць пляцоўкай для дыялогу, — паведамляе svaboda.org

«Беларусь — краіна, з якой ляцелі ракеты, і адкуль прыйшлі войскі. Яна саюзнік агрэсара. Таму для нас гэта немагчыма», — сказаў Зяленскі.

Ён зноў пацвердзіў сваю гатоўнасць сустрэцца з Уладзімірам Пуціным асабіста, калі гаворка пойдзе пра неадкладнае абмеркаванне спынення агню без папярэдніх тэхнічных перамоваў:

«Мне ўсё роўна, ці гэта будзе двухбаковая сустрэча, ці трохбаковая — я гатовы да любога фармату», — заявіў Зяленскі 27 траўня.

Паводле яго, цяпер Украіна разглядае некалькі магчымых краін для перамоваў: Турэччыну, Ватыкан і Швейцарыю. Найбольшай падтрымкай карыстаецца Ватыкан, адзіны, каго не задавальняе гэтая пляцоўка, — Расія.

Папярэднія перамовы ў Стамбуле 15–16 траўня не далі вынікаў. У той жа час Расія здзейсніла адзін з найбуйнейшых нападаў дронамі па Украіне.

На перамовах у Стамбуле расійскі бок выставіў максімалісцкія патрабаванні, у тым ліку — поўны вывад украінскіх войскаў з часткова акупаваных абласцей. Гэтыя ўмовы Украіна і яе заходнія партнёры катэгарычна адхіляюць.

эж