Беларуская Служба

Чыноўнікі прыдумалі чарговае падатковае новаўвядзенне

28.05.2025 17:44
У Беларусі з 2022 года дзейнічае зямельная амністыя, якая дазваляе без штрафу ўзаконіць раней самавольна занятыя землі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Manfred Antranias Zimmer/pixabay.com/CC0 Public Domain

Чыноўнікі прыдумалі, як павялічыць грашовыя паступленні ў эканоміку рэгіёнаў. Так, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч прапануе ўвесці легалізацыю самавольна занятых зямельных участкаў, паведамляе «Люстэрка».

«Уладзіслаў Татарыновіч ініцыяваў разгляд на пляцоўцы Кансультацыйнага савета па падатковай палітыцы пры Міністэрстве фінансаў пытання пра ацэнку павелічэння падатковай базы ў рэгіёнах за кошт магчымай легалізацыі самавольна занятага зямельнага ўчастка», — паведамляе Савет Рэспублікі.

З такой прапановай Уладзіслаў Татарыновіч выступіў падчас абмеркавання прагнозных дакументаў на 2026 год і сярэднетэрміновы перыяд.

Іншыя падрабязнасці што да прапанаваных падатковых карэктаванняў не паведамляюцца. Нагадаем, у Беларусі з 2022 года дзейнічае зямельная амністыя, якая дазваляе без штрафу ўзаконіць раней самавольна занятыя землі. Раней яе падоўжылі да 2028 года.

Але ў некаторых выпадках прайсці такую амністыю немагчыма праз парушэнні. Магчыма, гаворка ідзе пра легалізацыю такіх сітуацый.

аз