З 28 камфортных электрацягнікоў Stadler, замацаваных за маторавагонным дэпо Мінск, пяць ужо выведзены з эксплуатацыі, у тым ліку чатыры саставы серыі ЭПг, што выкарыстоўваюцца на гарадскіх лініях, і адзін — ЭПм (сямівагоны, бізнэс-клас), спасылаючыся на Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, паведамляе euroradio.
Як мінімум тры саставы знаходзяцца ў рамонце, а ў бліжэйшы час яшчэ пяць цягнікоў могуць быць выведзены з эксплуатацыі праз канчатковы знос хадавых частак.
Асабліва паказальны выпадак з электрацягніком Stadler серыі ЭПм-002, які пацярпеў у выніку сутыкнення з лесавозам. Яго аднаўленне адкладзена як мінімум на год праз адсутнасць як колавых пар, так і больш складаных дэталяў, уключаючы аўтасчэпкі і пнеўматычныя клапаны.
Электрацягнікі швейцарскай кампаніі Stadler былі закуплены з 2010 года для замены састарэлых савецкіх саставаў.
Няма чым рамантаваць электрацягнікі. Пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза і разрыву афіцыйнага супрацоўніцтва з Мінскам, Stadler спыніў пастаўкі запасных частак і тэхнічную падтрымку.
Перш за ўсё гаворка ідзе пра колавыя пары, стан якіх з’яўляецца ключавым элементам бяспекі любога цягніка. Без своечасовай замены або аднаўлення эксплуатацыя становіцца немагчымай.
Пры гэтым Беларуская чыгунка разглядае варыянт паставак запасных частак для рамонту і абслугоўвання з Польшчы па "шэрых схемах" — аўтатранспартам у абыход санкцыйнага кантролю.
Гаворка ідзе пра прамыя пастаўкі з завода Stadler Polska, паведамляюць чыгуначнікі. Калі такія цягнікі зноў з’явяцца на лініях — гэта будзе сведчыць пра абыход санкцый і факт супрацоўніцтва еўрапейскага бізнесу з беларускім дзяржаўным перавозчыкам, падкрэсліваюць у супольнасці.
Пакуль Stadler прастойваюць, кіраўніцтва чыгункі вяртае на маршруты старыя савецкія саставы ЭР9. На міжрэгіянальных лініях бізнес-класа выкарыстоўваюцца вагоны лакаматыўнай цягі, што азначае пагаршэнне сэрвісу, камфорту і павелічэнне часу ў дарозе.
эж