У паведамленні славацкага МЗС гаворыцца, што ў якасці дыпламата Ёзаф Мігаш спецыялізуецца на краінах Усходняй Еўропы і мае шматгадовы досвед працы ў постсавецкім рэгіёне — акрамя Беларусі, ён таксама ўзначальваў пасольствы Славакіі ва Украіне і Расіі.
«Мы хочам аднавіць канструктыўны дыялог і з беларускім бокам — як на двухбаковым узроўні, так і ў шматбаковым фармаце. Сёння надзвычай важна даць прастору дыпламатыі, дыялогу і перамовам, каб з'явіліся першыя вынікі, напрыклад, у крытычна важных мірных перамовах і як мага хутчэйшым заканчэнні вайны ва Украіне», — заявіў міністр замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Юрай Бланар, каментуючы прызначэнне пасла.
МЗС краіны назваў Беларусь «эканамічна-палітычным партнёрам у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе», з якім Славакія «можа крок за крокам развіваць базавае супрацоўніцтва ў сферы гандлю, сельскай гаспадаркі, культуры і адукацыі».
Як дадаў Ёзаф Мігаш, славацкае пасольства таксама «працягне забяспечваць якасныя консульскія паслугі грамадзянам Славакіі, якія знаходзяцца ў Беларусі».
— У цяперашні час мы таксама фіксуем рост цікавасці беларускіх грамадзян да навучання ў славацкіх ВНУ. У Славакіі пражывае каля 10 тысяч беларусаў, якія з'яўляюцца мостам узаемаразумення паміж нашымі двума народамі, — паведаміў пасол.
Ёзаф Мігаш займаў пасаду пасла Славакіі ў Беларусі з 2016 па 2020 год. 9 мая 2020-га ён прысутнічаў на парадзе Перамогі ў Мінску і праз некалькі дзён пасля гэтага пайшоў у адстаўку. Як патлумачылі ў МЗС краіны, дыпламат не ўзгадніў свой удзел і тым самым «парушыў асноўныя прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай». Пра тое, што Мігаш пайшоў на парад, у міністэрстве даведаліся толькі пазней з прэсы.
За экс-пасла заступіліся беларуская прапаганда і асабіста Аляксандр Лукашэнка, які таксама ўзнагародзіў яго ордэнам Францыска Скарыны «за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне сяброўскіх адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй».
Цяперашні прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца выступае за нармалізацыю адносін з Беларуссю і Расіяй. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яму наведаць Брэсцкую крэпасць у маі гэтага года. Фіца ўжо бываў у Мінску ў 2016 годзе падчас папярэдняга прэм'ерскага тэрміну. На сустрэчы з Лукашэнкам ён называў Беларусь сяброўскай краінай. Лукашэнка тады падзякаваў славацкаму прэм'еру за нармалізацыю адносін Беларусі і ЕС.
«Ваша краіна даносіла да кіраўніцтва ЕС сапраўднае становішча ў Беларусі», — казаў Лукашэнка.
У мінулым годзе Лукашэнка і Фіца абмяняліся віншаваннямі з нагоды юбілеяў (70-годдзя і 60-годдзя адпаведна).
zerkalo.io/вх