Беларуская Служба

Зяленскі: Расія не хоча прызнаваць, што беларусы на баку Украіны

31.05.2025 10:41
Прэзідэнт Уладзімір Зеленскі заявіў, што Расія спрабуе выкарыстоўваць палонных замежных добраахвотнікаў для ціску на свае краіны. Паводле яго слоў, Расійская Федэрацыя таксама адмаўляецца абменьваць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Украіны.
Уладзімір ЗяленскіPAP/EPA/CLEMENS BILAN

Пра гэта кіраўнік дзяржавы сказаў падчас размовы з журналістамі, паведамляе карэспандэнт Укрінформу.

«Расіяне не хочуць аддаваць нам грамадзян іншых краін для абмену. Таму што яны хочуць паўплываць на адносіны паміж Расіяй і краінамі, з якіх гэтыя хлопцы прыехалі. А свае пытанні яны вырашаюць самі — тое, што ім трэба. Часам ім патрэбен ціск, часам ім патрэбен абмен на сваіх спецагентаў, якія знаходзяцца ў турмах у іншых краінах. Таму вы ніколі не пачуеце, што мы абменьваем кагосьці з Лацінскай Амерыкі, напрыклад. Таму што яны не хочуць абменьваць ніякіх іншых грамадзян», — сказаў Зяленскі.

«Яны не хочуць абменьваць грамадзян Беларусі, што цікава, каб аддаць нам грамадзян Беларусі, якія былі на нашым баку. Ці нават, напрыклад, беларускіх палітвязняў. Гаворка нават не ідзе пра вайну. Яны не хочуць прызнаваць, што беларусы на баку Украіны», — адзначыў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў яго ёсць спіс журналістаў, палітвязняў, проста спіс замежнікаў, які ён перадае партнёрам «з розных краін, у прыватнасці, з Лацінскай Амерыкі».

«З расіянамі вельмі цяжка працаваць. Нават падчас абмену яны паводзяць сябе несумленна. Але мы паспрабуем у любым выпадку. Калі мы гаворым, напрыклад, пра мадэль «усіх на ўсіх». І я спадзяюся, што гэта адбудзецца пасля спынення агню. А «ўсіх на ўсіх» азначае вяртанне ўсіх палонных», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

16 мая ў Стамбуле адбыліся перамовы паміж украінскай, турэцкай і расійскай дэлегацыямі. Ключавой дамоўленасцю гэтых перамоваў стала дамоўленасць аб абмене палоннымі ў фармаце «1000 на 1000». На працягу 23-25 ​​мая ў выніку гэтых дамоўленасцяў ва Украіну вярнуліся 880 вайскоўцаў і 120 мірных жыхароў.

Укрінформ/ав