Беларуская Служба

Улады абяцаюць пачаць рамонт у Чырвоным касцёле

31.05.2025 17:11
Апошняя служба ў Чырвоным касцёле адбылася 25 верасня 2022 года. 
:
Фота: Włodzimierz Pac, Polskie Radio

Ужо ў чэрвені гэтага года мусяць распачацца рамонтныя працы ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску, вядомым як Чырвоны касцёл, паведаміла начальніца ўпраўлення культуры сталічнага гарвыканкаму Кацярына Лучына.

Паводле чыноўніцы, Чырвоны касцёл – аб’ект гістарычна-культурнай спадчыны, таму надаецца «належная ўвага яго абнаўленню і рэканструкцыі».

«У чэрвені распачнуцца рамонтныя працы. Думаю, да наступнага года яны будуць скончаныя», – сказала Лучына.

Апошняя служба ў Чырвоным касцёле адбылася 25 верасня 2022 года. Потым уначы ў святыні адбыўся пажар, а ўжо 26 верасня касцёл апячаталі. Ён зачынены дасюль, бо адміністрацыі Маскоўскага раёну Мінску забараніла эксплуатаваць будынак. Касцёл адключылі ад усіх камунікацыяў. У 2024-м быў звольнены шматгадовы пробашч святыні ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

Мінскі гарвыканкам у гэтым сакавіку запатрабаваў ад парафіі вынесці з касцёлу ўсю рухомую маёмасць, каб «Мінская спадчына» магла распачаць рамонтныя працы.

Улады забаранілі вернікам маліцца не толькі ў касцёле, але і побач з ім.

Для рамонту святыні не правялі тэндару на пошук падрадчыка, а ў Інвестыцыйнай праграме Мінску няма для гэтага фінансавання. Вернікі баяцца, што пасля рамонту парафію могуць выселіць або выставіць ёй дадатковыя фінансавыя патрабаванні – на сёння «Мінская спадчына» налічыла парафіі доўг памерам 148 тысячаў рублёў.

Белсат/ав