Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская ў Дзень абароны дзяцей: «Давайце вучыць іх клопату пра блізкіх, павазе і смеласці быць сабой»

01.06.2025 09:57
Святлана Ціханоўская падзялілася асабістай гісторыяй.
 .
Святлана Ціханоўская.Фота: Офіс С. Ціханоўскай, кадр з відэазапісу

1 чэрвеня Святлана Ціханоўская дзеліцца гісторыяй пра Карнея і Агнію, і пра тое, як рэжым разбурае дзяцінства маленькіх беларусаў. А таксама заклікае не заставацца ўбаку, а змагацца за права дзяцей на свабоду, шчасце і сапраўднае дзяцінства. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з пасланнем, як можна абараніць дзяцей ад несправядлівасці, страху і прапаганды.

«На пытанне да маіх дзяцей, пра што яны мараць, мая дачка Агнія адказвае: «Каб тата вярнуўся». І дадае: «Ці каб да яго нашы лісты дайшлі». А Карней сумуе па нашых сямейных паездках на лецішча і бацькіных шашлыках, хаця яшчэ пяць гадоў таму наракаў і скардзіўся, што не хоча выязджаць з горада. Вось ужо пяць гадоў мае дзеці жывуць і мараць пра тое, што павінна быць натуральнай часткай дзяцінства.

Я ведаю, што пра падобнае мараць і іншыя дзеці, чые сем’і раздзяліў рэжым — зноў быць разам, зноў пачуць дарагі голас», — кажа Ціханоўская.

У Дзень абароны дзяцей яна расказвае, як дзяржава разлучае дзяцей з бацькамі, пра іншыя цяжкасцямі, з якімі сутыкаюцца сёння дзеці.

«Прапаганда ў школах, прымусовыя зборы ў падтрымку рэжыму, загон у БРСМ і ўдзел у ягоных вар’яцкіх акцыях. А многіх дзетак увогуле не бяруць у секцыі ці кружкі толькі таму, што іх сем’і прызнаныя «неблагонадежными», бо іх бацькі мелі смеласць выказацца супраць несправядлівасці…

Рэжым вымушае дзяцей баяцца, маўчаць і ахвяраваць сваімі жаданнямі на карысць улад. Рэжым вучыць іх быць ціхімі, «не высоўвацца», імкнецца ўкараніць думку, што ўсё вырашаюць «людзі наверсе».

Яна заклікае бацькоў абараняць дзяцей ад цкавання з боку «ідэалагічных» настаўнікаў, вучыць дзяцей гаварыць на роднай мове, а не саромецца яе.

«Тлумачыць, што значыць талерантнасць. Заахвочваць пытанні, цікавасць, жаданне разбірацца ў тым, што адбываецца навокал. Калі мы хочам, каб дзеці раслі ў краіне без страху, з правам на голас, давайце разам паказваць ім, што свабода і справядлівасць займаюць важнае месца ў нашым жыцці. Давайце вучыць іх клопату пра блізкіх, павазе і смеласці быць сабой», — заклікае Ціханоўская.

ТГ С. Ціханоўскай 

нг