Беларуская Служба

Жыхароў Асіповічаў з псіхічнымі захворваннямі запісалі ў «дармаеды» і бралі з іх поўную камуналку

02.06.2025 17:23
Цягам апошніх гадоў улады далучаюць да «дармаедаў» усё новыя катэгорыі і ўводзяць для іх усё новыя віды адказнасці.
   .
Квітанцыя за камунальныя паслугі. Здымак мае ілюстрацыйны характарКрыніца: БелТА

Пракуратура Асіповіцкага раёну падчас праверкі раскрыла выпадкі, калі з жыхароў, што церпяць ад псіхічных хваробаў, мясцовыя органы ЖКГ бралі 100% аплату камунальных паслугаў як з незанятых у эканоміцы, паведаміла Служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці. Пра гэта інфармуе «Белсат».

Было вызначана, што на працягу доўгага часу некаторыя грамадзяне, якія церпяць ад псіхічных захворванняў, былі ўключаныя ў спісы працаздольных, але не занятых у эканоміцы. У выніку гэтым людзям плата за камунальныя паслугі налічвалася з поўнай кампенсацыяй эканамічна абгрунтаваных затратаў на іх аказанне.

У парадку рэагавання пракурор Асіповіцкага раёну вынес пратэсты на рашэнні райвыканкаму ў частцы неабгрунтаванага ўключэння вышэй згаданай катэгорыі грамадзянаў у спісы незанятых у эканоміцы. Пасля гэтага жыхароў Асіповічаў і раёну з псіхічнымі разладамі выкраслілі са спісу «дармаедаў», а органы ЖКГ абавязаныя правесці ім пераразлік «камуналкі» і вярнуць грошы.

Згодна з п. 5 Дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі ад 2 красавіка 2015 года №3 «Аб спрыянні занятасці насельніцтва» з 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплочваюць камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў. Гэтая мера дзейнічае дагэтуль і датычыць беспрацоўных, у якіх ва ўласнасці ёсць нерухомасць.

Цягам апошніх гадоў улады далучаюць да «дармаедаў» усё новыя катэгорыі і ўводзяць для іх усё новыя віды адказнасці. Так, калі беспрацоўны выхоўвае дзяцей, сям’ю могуць паставіць на ўлік як тую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Нядаўна да «дармаедаў» у Беларусі пачалі залічваць у тым ліку тых, хто знаходзіцца за мяжой больш за 30 дзён, нават па працы ці навучанні. Выключэнне робіцца для тых, хто едзе ў краіны ЕАЭС ці на лячэнне альбо ў камандзіроўку.

Пачынаючы з сакавіка, з усіх рэгіёнаў Беларусі прыходзяць паведамленні, што на размовы адносна занятасці ў эканоміцы выклікаюць у РАУСы ці міліцыя прыносіць позвы з патрабаваннем прыйсці ў цэнтр занятасці.

вс