Беларуская Служба

У Беларусі няма ніводнай галіны, дзе жанчыны ў сярэднім зараблялі б столькі ж, колькі і мужчыны

03.06.2025 14:35
Сярод усіх занятых у эканоміцы Беларусі жанчыны складаюць 53,1%.
.
.atlant.by

У Беларусі няма ніводнай галіны, дзе жанчыны ў сярэднім зараблялі б столькі ж, колькі і мужчыны, вынікае са звестак Белстата. Усюды ўсярэднены кошт працы беларусак ніжэйшы. Прычым у асобных галінах розніца аказалася вялікай. 

Сярод усіх занятых у эканоміцы 53,1% — гэта жанчыны, вынікае са звестак Белстата. І ў сярэднім у снежні мінулага года іх заробак быў ніжэйшы, чым у мужчын, на 27,1%: 2 241,2 рубля супраць 3 072,8 рубля адпаведна.

Розніца ў сярэдняй зарплаце адрозніваецца па галінах. Так, у ахове здароўя і сацпаслугах беларускі ў снежні мінулага года ў сярэднім атрымалі 2 029,1 рубля, а беларусы — 2 626,8. У адукацыі гэта 1 721,5 і 1803,6 рубля адпаведна, а ў дзяржкіраванні — 2 826,9 і 3305,3 рубля.

Самая маленькая разбежка ў аплаце мужчын і жанчын аказалася ў адукацыі — усяго 4,6%. Праўда, у гэтым выпадку, як відаць вышэй, можна сказаць, што ўсе атрымліваюць даволі мала. Таксама невялікая розніца ў работнікаў і работніц транспартнай дзейнасці, складаванні, паштовай і кур’ерскай дзейнасці — 4,7%.

А самы вялікі разрыў быў у галіне інфармацыя і сувязь — аж 41,2%. Калі мужчыны там у сярэднім у снежні атрымалі 8 791,9 рубля, то жанчыны — 5 172,5.

Прыкладна на 30% жанчыны атрымліваюць менш у сферы іншых відаў паслуг, а таксама творчасці, спорту, забаваў і адпачынку і фінансавай і страхавой дзейнасці.

Адной з прычын такога разыходжання можа быць тое, што першыя, як правіла, займаюць ніжэйшыя пасады ў кампаніях, радзей працуюць на пазіцыях топ-менеджарак. Пры гэтым у статыстыцы прыведзеная зарплата за снежань, гэта таксама мае ролю, бо ў канцы года выплачваюцца розныя бонусы (у тым ліку кіраўнікам). Акрамя гэтага, жанчыны ў цэлым часцей працуюць у менш аплатных галінах.

zerkalo.io/вх