Палітвязню Уладзіміру Кнізе па рашэнні суда Барысаўскага раёна ў лютым гэтага года дадалі яшчэ адзін год калоніі. Пра гэта стала вядома толькі зараз, паведамляе фонд «Краіна для жыцця».
Суддзя Людміла Зінкевіч прызнала Уладзіміра Кнігу вінаватым па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).
Па гэтым артыкуле палітвязня судзяць ужо другі раз.
Уладзімір Кніга - былы сілавік, фігурант «справы Ціханоўскага». У 2020 годзе Кніга быў валанцёрам каманды Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля перадвыбарчага пікету ў Гродне. Мужчыну судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса - арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У чэрвені 2021 года Кнігу прыгаварылі да шасці гадоў калоніі.
У жніўні 2023 года палітвязня першы раз асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Яму дадалі год калоніі.
Як адзначаюць праваабаронцы «Вясны», з верасня 2023 года Кніга ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада – мужчыну пазбавілі спатканняў, званкоў і перадач.
Зеркало/ав