6 чэрвеня Міністэрства замежных справаў Літвы выклікала прадстаўніка Пасольства Рэспублікі Беларусь і ўручыла яму ноту жорсткага пратэсту, паведамляе belsat.eu.
Падставай для дыпламальнага кроку стала парушэнне дзяржаўнай мяжы, якое, паводле літоўскага боку, адбылося вечарам 4 чэрвеня ў Вільнюскім раёне з беларускага боку.
Як паведаміла Дзяржаўная памежная служба Літвы, інцыдэнт зафіксавалі супрацоўнікі заставы імя Юргіса Кібартаса Вільнюскага памежнага ўпраўлення. Паводле іх звестак, у раён праніклі тры ўзброеныя асобы з тэрыторыі Беларусі.
Літоўскі МЗС запатрабаваў ад беларускага боку тэрмінова даць тлумачэнні і прыняць усе неабходныя меры, каб падобныя выпадкі не паўтарыліся.
Вядома, што ўвечары ў сераду літоўскія памежнікі з заставы імя Юргіса Кібартаса заўважылі трох беларускіх памежнікаў каля мяжы ў Вільнюскім раёне. Паводле іх звестак, адзін з іх мог зайсці на тэрыторыю Літвы прыблізна на два метры, а потым адразу вярнуўся назад у Беларусь.
Мяжа ў гэтым месцы пазначаная спецыяльнымі знакамі і слупом, а з літоўскага боку стаіць плот з калючым дротам, каб стрымліваць нелегальную міграцыю.
Зараз Вільнюская памежная служба збірае інфармацыю і вырашае, ці пачынаць дасудовае расследаванне з-за магчымага незаконнага перасячэння мяжы.
Таксама не спыняюцца спробы перасекчы літоўскую мяжу з боку нелегальных мігрантаў. 1 чэрвеня літоўскія памежнікі затрымалі і вярнулі назад у Беларусь сямярых грамадзян афрыканскіх краін. Паводле паведамлення, мігранты прабіраліся з беларускіх балотаў паўзком, адзін за адным, спрабуючы не трапіць у аб’ектывы назіральных камер. Аднак іх зафіксавала сістэма кантролю, і літоўскія памежнікі аператыўна затрымалі парушальнікаў. Шасцёра з іх назваліся грамадзянамі Гамбіі, адзін – Маўрытаніі.
эж