50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр 21 траўня 2021 года пры нявысветленых абставінах у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць), сёння, 9 чэрвеня 2025-га, павінен бы выйсці на волю, паведамляе «Позірк».
У дзень, калі актывіст павінен быў вызваліцца, праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадаў, што першапачаткова Ашурка затрымалі 9 жніўня 2020 года і арыштавалі на 20 сутак: за ўдзел у акцыі – на 15, за «непавагу да суда» – 5 (мужчына не ўстаў, калі ў залу пасяджэння зайшоў суддзя).
19 верасня таго ж года Ашурка зноў арыштавалі ў адміністрацыйным парадку, а праз месяц яму выставілі крымінальнае абвінавачанне.
18 студзеня 2021 года суддзя Максім Філатаў з суда Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) прыгаварыў Ашурка да 5 гадоў пазбаўлення свабоды ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Расследаванне смерці палітвязня было замарожанае і дэ-факта не вядзецца.
У гадавіну смерці Вітольда Ашурка – 21 мая – дэмакратычная грамадскасць з ініцыятывы праваабаронцаў праводзіць Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
вс