Беларуская Служба

Міністры транспарту 13 краін ЕС абвінавацілі Беларусь і РФ у стварэнні перашкод для працы навігацыйных сістэм

10.06.2025 11:15
Паводле іх, выпадкі перашкод у працы ГНСС маюць не выпадковы, але сістэматычны і наўмысны характар.
. .
Ілюстрацыя. Радар.Фота: Pixabay.com/dlohner

Міністры транспарту 13 краін Еўрасаюза заклікалі Еўрапейскую камісію да «неадкладных і скаардынаваных дзеянняў у адказ на перашкоды ў працы глабальных навігацыйных спадарожнікавых сістэм (ГНСС), якія зыходзяць з Расіі і Беларусі», паведамляе «Позірк» са спасылкай на агенцтва BNS.

Міністры падкрэсліваюць, што «з 2022 года ў паветранай прасторы рэгіёну Балтыйскага мора назіраюцца два тыпы перашкод ГНСС – глушэнне і спуфінг (метад маніпуляцыі сігналамі GPS, які дазваляе прыладзе паведамляць ілжывыя каардынаты. – «Позірк».), што ўяўляе пагрозу для розных відаў транспарта, у прыватнасці грамадзянскай авіяцыі і марскога суднаходства».

Аўтары ліста лічаць, што «выпадкі перашкод у працы ГНСС з’яўляюцца не выпадковымі інцыдэнтамі, а сістэматычнымі, наўмыснымі дзеяннямі Расіі і Беларусі, якія могуць быць выкарыстаныя ў якасці гібрыднай атакі на стратэгічны радыёспектр, неабходны для сучасных тэхналогій, рэгіянальнай бяспекі і абароненасці, асабліва на транспарце».

У мэтах падвышэння бяспекі Еўропы міністры заклікалі ЕС «актывізаваць дыпламатычныя намаганні па ліквідацыі перашкод» і «аказаць ціск на адказныя бакі», у тым ліку шляхам судовых іскаў супраць адказных асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да наўмыснага ўмяшання ў сігналы ГНСС.

Паведамляецца, што ліст, тэкст якога быў узгоднены на пасяджэнні Савета ЕС па транспарце, тэлекамунікацыям і энергетыцы 5–6 чэрвеня ў Люксембургу, падпісалі міністры транспарту Германіі, Даніі, Італіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Чэхіі і Эстоніі.

аз