Сярод прапановаў – поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ад інфармаваных крыніц у Бруселі.
18-ы пакет санкцыяў накіраваны на далейшае абмежаванне вайскова-прамысловага патэнцыялу Расіі, якая ад 2022 года вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Беларусь уключана ў пакет санкцый, бо падтрымлівае расейскую агрэсію.
У падрыхтаваным пакеце санкцыяў фігуруюць чатыры беларускія кампаніі, што дзейнічаюць у галіне абароны і вайсковай прамысловасці. Іх публічна назавуць пазней. Еўракамісія прапануе замарозіць іхныя актывы і забараніць весці бізнес у межах ЕС.
Акрамя гэтага, Еўракамісія таксама прапанавала пашырыць сектаральныя абмежаванні для Беларусі. Сярод іх поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі фінансавых паведамленняў (de-SWIFTing – адключэнне ад міжнароднай сістэмы банкаўскіх міждзяржаўных разлікаў SWIFT, якое істотна абмяжоўвае магчымасці банкаў праводзіць аперацыі за мяжой), а цяпер ператвараецца ў поўную забарону транзакцыяў.
Таксама ўпершыню пад забарону трапляе імпарт узбраенняў з Беларусі ў ЕС.
Каб узмацніць кантроль за магчымым абыходам абмежаванняў, ЕС прапануе пашырыць спіс тавараў і тэхналогіяў, што могуць выкарыстоўвацца для ўмацавання беларускай вайсковай і прамысловай базы. У прыватнасці, ідзецца пра машыны, хімікаты, асобныя віды металаў і пластыкаў. Забараняецца таксама транзіт шэрагу тавараў праз тэрыторыю Беларусі.
Як тлумачыць еўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, распрацаваны Еўракамісіяй 18-ы пакет санкцыяў мусяць узгадніць прадстаўнікі ўсіх 27 краін Еўрасаюзу. Прыняццё дакументу чакаецца цягам чэрвеня.
Кіраўніца Еўракаміссі Урсула фон дэр Ляен таксама пералічыла прапановы па новых санкцыях супраць Расіі:
- Зніжэнне столі коштаў на расійскую нафту з 60 $ да 45 $ за барэль
- Адключэнне ад SWIFT яшчэ 22 расійскіх банкаў
- Забарона на выкарыстанне «Паўночнага патоку 1-2»
- Уключэнне ў санкцыйны спіс 77 танкераў расійскага ценявога флоту
- Забарона краінам ЕС закупляць нафтапрадукты з расійскай сыравіны
У папярэднім, 17-м пакеце, зацверджаным Радай ЕС сёлета 20 траўня, у прыватнасці, былі ўведзеныя санкцыі супраць Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ). У абгрунтаванні гаварылася, што «Менскі завод колавых цягачоў – беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае вайсковую тэхніку для Ўзброеных сілаў РФ і падтрымлівае абараназдольнасць Расіі».
Улетку 2024 года Еўрасаюз абвясціў пра сектаральныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі. Тады ўжо быў уведзены шэраг абмежаванняў супраць беларускай фінансавай сістэмы:
- абмежаванне доступу да SWIFT для Белаграпрамбанка, «Банку Дабрабыт» і «Банку развіцця Рэспублікі Беларусь», а таксама іх беларускім даччыным структурам;забарона аперацыяў з Нацыянальным банкам Беларусі, звязаных з кіраваннем рэзервамі або актывамі, а таксама дзяржаўным фінансаваннем для гандлю з Беларуссю і інвестыцыяў у Беларусь;
- забарона лістынгу і аказання паслуг стасоўна акцыяў беларускіх дзяржаўных арганізацыяў на гандлёвых пляцоўках ЕС;
- істотнае абмежаванне фінансавых паступленняў з Беларусі ў ЕС, забарона прымаць дэпазіты, якія перавышаюць 100 000 аўра, ад беларускіх грамадзян або рэзідэнтаў Беларусі, трымаць рахункі беларускіх кліентаў у цэнтральных дэпазітарах каштоўных папераў ЕС, а таксама прадаваць каштоўныя паперы, намінаваныя ў еўра, беларускім кліентам;
- забарона пастаўкі ў Беларусь банкнотаў еўра.
вх