«Сапраўдным караванам кантрабанды» беларускіх цыгарэт назвала мытня Літвы затрыманне адразу дзевяці аўтамабіляў, якія перавозілі нелегальны тавар, паведамляе «Позірк».
Як адзначаецца ў паведамленні ведамства, у ноч на 9 чэрвеня ў пункце пропуску Салечнікі (з беларускага боку Беняконі) мытнікі, дагледзеўшы 13 машын, у дзевяці з іх выявілі схованкі з тытунёвай прадукцыяй.
Агулам, паводле звестак мытні, выяўлена 6 354 пачкі беларускіх цыгарэт, у асноўным NZ Gold і Minsk Superslims.
На парушальнікаў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за кантрабанду і абыход міжнародных санкцый.
Усе дзевяць аўтамабіляў – «Аўдзі Q5«, «Фольксваген Пасат«, БМВ, «Сітраэн«, «Форд Фокус» і інш. – канфіскаваныя. Хутчэй за ўсё, яны будуць перададзеныя Украіне ў рамках дапамогі ў адбіцці расійскай вайсковай агрэсіі.
Мытня адзначае, што ўсе аўтамабілі старыя, большасць з іх каштуюць каля 3 тыс. еўра.
«Падобныя «караваны кантрабанды« на літоўскай мяжы былі частай з’явай некалькі гадоў таму», – гаворыцца ў паведамленні.
У канцы траўня на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя два грузавікі, у якіх перавозіліся «буйныя, старанна замаскіраваныя партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт«, канфіскавана 516 тысяч пачкаў цыгарэт Minsk Superslims.
Найбуйнейшая партыя – больш за 2.5 тысячы скрынь беларускіх цыгарэт (1,26 млн пачкаў) коштам 5,64 млн еўра, якія перавозіліся ў двух грузавіках, – была затрыманая сёлета ў лютым непадалёк ад Вевіса.
аз