Польскія ўлады запусцілі інфармацыйную кампанію, накіраваную да бежанцаў, у прыватнасці грамадзян Афганістана, Эфіопіі, Эрытрэі, Самалі, Ірака, Пакістана, Егіпта і Кеніі. У ейных рамках, у адмысловым роліку, улады паведамляюць пра хлусню і маніпуляцыі, якім падвяргаюцца нелегальныя мігранты. Між тым, яны паведамляюць пра тое, што высокі бар'ер на мяжы, абсталяваны электронікай і вайсковыя патрулі, робяць немагчымым лёгкае незаконнае перасячэнне мяжы.
Юрыст з Хельсінскага фонду па правах чалавека Марцін Сосьняк(Marcin Sośniak), звяртае ўвагу на папярэджанне аб небяспецы і рызыкоўнасці такога падарожжа:
- Сама кампанія патрэбная. Гэта небяспечны маршрут, хоць не настолькі, як падарожжа праз Міжземнае мора. Тым не менш, у сувязі з тым, што нелегальныя мігранты сутыкаюцца з гвалтам, як па беларускім баку, але таксама па польскім, пра што сведчаць апошнія паведамленні СМІ, то гэта небяспечны шлях.
Аднак юрыст лічыць, што інфармацыя пра немагчымасць пачаць працэдуру атрымання статусу бежанца – гэта прасоўванне парушэння міжнароднага права. На яго думку, стварэнне буфернай зоны на гэтым участку польскай мяжы не змяншае прытоку нелегальных мігрантаў.
Між тым, спасылаючыся на статыстычныя дадзеныя, памежная служба заяўляе, што спробаў незаконнага перасячэння мяжы было на чвэрць менш у параўнанні з аналагічным перыядам да ўступлення ў сілу забароны на знаходжанне ў буфернай зоне. Пра гэта заявіў прэс-сакратар галоўнакамандуючага Памежнай службы, падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк(Andrzej Juźwiak):
- Гэта адлюстроўваецца ў статыстычных дадзеных. За час ейнай дзейнасці колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы знізілася на каля 28%.
Буферная зона на ўсходняй мяжы Польшчы дзейнічае ўжо год. Гэта забароненая зона, якая ахоплівае паласу ў амаль 80-кіламетраў уздоўж мяжы з Беларуссю і ў некаторых месцах дасягае 4 кіламетраў углыб краіны.
IAR/аз