Беларуская Служба

Праз некалькі тыдняў пасля сутак у ІЧУ памерла 66-гадовая жанчына. Яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь

13.06.2025 12:45
Жанчыну затрымалі на мяжы за «падабайкі» ў сацсетках і змясцілі ў ІЧУ Брэста. У ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Праз тыдзень яна трапіла ў лякарню, дзе пазней памерла.  
.
.spring96.org

На мяжы з Польшчай напачатку года пасля дадатковых праверак з аўтобуса знялі мужчыну і 66-гадовую жанчыну з дыягнаставанай анкалогіяй, паведамляе ПЦ «Вясна». Лёс мужчыны невядомы, а жанчыну змясцілі ў брэсцкі ІЧУ на тры дні да суда. У выніку яе прызналі вінаватай у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі да штрафу памерам 20 базавых велічыняў. Вядома, што ў ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Пасля вызвалення яна паехала дадому, дзе спачатку самастойна змагалася з хваробай. Праз тыдзень яе забралі ў лякарню. Амаль праз месяц жанчына памерла. Прычына – слабы імунітэт і запаленне лёгкіх.

Што цяпер адбываецца на мяжы?

Паводле даных «Вясны», з пачатку 2025 года на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя мінімум некалькі дзясяткаў чалавек. Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Апроч гэтага, па-ранейшаму выводзяць з транспарту для размовы ўкраінцаў, якую едуць транзітам праз Беларусь.

Падставай для «зацікаўленасці» чалавекам могуць стаць яго легалізацыя ў іншай краіне, доўгая адсутнасць у Беларусі, «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлефоне, і нават асабістая перапіска, якая сілавікам можа падацца «падазронай». Некаторых пасля праверак выводзяць у кайданках з аўтобусу і праводзяць да суду ў ІЧУ, а да некаторых прыходзяць праз некалькі дзён. 

Пад пераслед трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краін, у асноўным – украінцы. Таксама вядомы выпадак, калі чалавеку пасля вяртання сілавікі прапаноўвалі «супрацоўніцтва».

Пасля затрымання на мяжы, усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі». Часцей за ўсё людзей, якіх затрымалі ў пункце пропуску, судзяць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Выключэннем могуць стаць тыя, каго затрымлівае КДБ. У такім выпадку, калі допыт адбываецца ў Мінску, то там супраць іх складаюць пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП), або адразу змяшчаюць у СІЗА ў межах крымінальнай справы. Затрыманні адбываюцца як на мяжы з Польшчай, так і з Літвой.

вх