У сваім звароце яна падкрэсліла, што сённяшняя сітуацыя ў медыцыне – вынік палітычнага ціску і сістэмнага крызісу. «Медыкі сталі закладнікамі палітыкі», — адзначыла Ціханоўская, звяртаючы ўвагу на масавыя звальненні, вымушаную эміграцыю спецыялістаў і пераслед з боку ўладаў.
Паводле яе слоў, толькі ў красавіку было звольнена больш за 5 тысячаў медыцынскіх работнікаў. У некаторых рэгіёнах маладых спецыялістаў «трымаюць» не заробкам ці сацыяльнымі гарантыямі, а пустымі абяцаннямі прафесійнага росту. Ціханоўская таксама нагадала, што беларускіх лекараў прымушаюць уціхую лячыць расійскіх вайскоўцаў, у той час як палітвязні ў Беларусі паміраюць без неабходнай дапамогі.
«Калі хто і дапамагае хворым, то гэта не рэжым — гэта робіце вы. Менавіта вы, беларускія лекары, сапраўдная апора нашай медыцыны», — сказала Святлана Ціханоўская.
Яна падзякавала медыкам за прафесіяналізм, стойкасць і чалавечнасць, падкрэсліўшы, што менавіта яны трымаюць сістэму аховы здароўя, нягледзячы на зношанае абсталяванне, старыя шпіталі і востры дэфіцыт кадраў.
У завяршэнні звароту Ціханоўская выказала ўпэўненасць, што ў будучыні медыкі зноў будуць аўтарытэтамі, а не падначаленымі, і будуць працаваць у вартых умовах: «Прыйдзе час, калі вы і вашая праца будуць шанавацца з той жа павагай, з якой вы клапоціцеся пра нашых грамадзянаў».
ав