Беларуская Служба

Якімі сацсеткамі найбольш актыўна карыстаюцца беларусы

25.06.2025 12:58
Больш за 60% карыстальнікаў кожнай платформы — жанчыны, за выключэннем TikTok у Беларусі.
   ?
Якімі сацсеткамі карыстаюцца беларусы?Фота: Shutterstock

У Беларусі сёлета сярод сацыяльных сетак на першым месцы TikTok паводле колькасці аўдыторыі. За год яна вырасла на 10%. Для параўнання: у Казахстане — на 12%. Пра гэта паведаміла медыядырэктарка кампаніі AMDG Ірына Буко на нядаўняй канферэнцыі, аб чым піша officelife.

У асноўным TikTok карыстаюцца беларусы ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў.

Ірына Буко таксама падкрэсліла, што Instagram у Беларусі, у параўнанні з мінулым годам, стаў губляць папулярнасць сярод моладзі. У гэтым годзе аўдыторыя скарацілася на 5%. У Казахстане — мінус 7%. У Беларусі аўдыторыя Instagram старэе: цяпер яна ў асноўным складаецца з людзей ад 25 да 44 гадоў. У Казахстане ж, наадварот, сетка маладзее — ёй усё больш карыстаюцца людзі ад 18 да 34 гадоў.

Што да «ВКонтакте», дык яна захоўвае ў Беларусі стабільную аўдыторыю — каля 1,3 мільёна чалавек. Асноўныя карыстальнікі — людзі ад 25 да 44 гадоў.

А вось колькасць карыстальнікаў сеткі «Аднакласнікі» у Беларусі зменшылася на 20%. Для параўнання: у Казахстане — на 15%. Ірына Буко адзначыла, што «Аднакласнікі» найбольш эфектыўныя для адраснага ахопу аўдыторыі ва ўзросце ад 35 да 54 гадоў.

Пры гэтым больш за 60% карыстальнікаў кожнай платформы — жанчыны, за выключэннем TikTok у Беларусі, дзе пераважаюць мужчыны.

нг