Прыцягнуць беларускія ўлады да адказу за ўсе парушэнні правоў чалавека, а таксама за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны заклікала на 59-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе (Швейцарыя) міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ, паведамляе pozirk.online.
Спікер выступала «ад імя краін Паўночнай Еўропы і Балтыі«, адзначыўшы, што яе дзівяць сітуацыя з правамі чалавека і недахоп падсправаздачнасці ў Беларусі.
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, праходзяць завочныя судовыя працэсы, «мы таксама ў жаху ад палітычна матываванага псіхіятрычнага зняволення».
«Мы патрабуем ад беларускіх уладаў вызваліць амаль 1 200 палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, лідараў прафсаюзнага руху, прадстаўнікоў супольнасці ЛГБТК+», – заявіла Бражэ.
«Выкарыстанне мігрантаў на мяжы з Еўрасаюзам таксама павінна быць спыненае», — падкрэсліла міністр.
Прадстаўнік Польшчы ў СПЧ ААН станоўча ацаніў нядаўняе вызваленне групы з 14 зняволеных, уключаючы Сяргея Ціханоўскага і трох польскіх грамадзян, і выказаў надзею, што «гэтыя змены, роўна як і іншыя памілаванні, стануць крокам наперад для вызвалення рэабілітацыі ўсіх тых, хто незаконна ўтрымліваецца ў турмах беларускімі ўладамі».
У відэазвароце, які прагучаў на мерапрыемстве, Сяргей Ціханоўскі распавёў пра катаванні і тое, што цягам многіх гадоў ён не меў магчымасці звязацца з сям’ёй.
«Я хачу, каб усе выйшлі, больш за адна тысяча чалавек знаходзіцца за кратамі, мы павінны змагацца за іх. ААН абавязаная дзейнічаць. Гэта не палітыка, гэта гуманітарнае пытанне. Гэта нават не пытанне правоў чалавека, гаворка ідзе пра жыццё і смерць. Я прашу Генсакратара ААН умяшацца і выкарыстоўваць усе рэсурсы, каб выратаваць гэтыя жыцці», — заявіў Ціханоўскі.
Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс прадставіў свой даклад 26 чэрвеня на 59-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе.
Дэлегацыя афіцыйнага Мінска на мерапрыемстве адсутнічала.
Сам даклад быў апублікаваны ў траўні.
вх