Тым, хто не з'явіцца ў цэнтр занятасці, пагражали «суткамі» арышту, піша «Флагшток» са спасылкай на мясцовага жыхара.
Паводле інфармацыі журналістаў, адзін з удзельнікаў прафілактычнай гутаркі расказаў у сацсетках, што мерапрыемства прайшло ў актавай зале РАУС, дзе сабралі каля 200 чалавек.
«Людзьмі ўсю залу забілі. Потым выклікалі ўсіх па прозвішчах, у чарзе і цяжарныя сядзелі, і тыя, хто не жыве ўвогуле ў Беларусі, але прыязджаў дадому. І ўсіх адпраўлялі на Пралетарскую (упраўленне па працы, занятасці і сацабароне. – «Флагшток«). Усіх запар – і стары, і малы. Бабкі, дзядкі, кульгавыя, на мыліцах – усіх», – распавёў ён.
Па словах відавочцы, пасля наведвання гэтага сходу людзям далі пяць дзён на выбар аднаго з варыянтаў працаўладкавання. Тым, хто не зʼявіцца ў цэнтр занятасці, будуць ізноў дасылаць выклік на новы сход у міліцыі, а пасля можа быць прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці аж да 15 сутак арышту. Пры гэтым сілавікі не тлумачылі, на якой прававой падставе магчымы такі арышт.
Улады Беларусі вядуць барацьбу з так званымі «дармаедамі», то бок людзьмі, якія нідзе афіцыйна не працаўладкаваныя. І сёлета да працы з не занятымі ў эканоміцы падключылі сілавыя структуры. Сілавікі праводзяць рэйды па спісах «дармаедаў» у розных гарадах краіны і ладзяць спецыяльныя сходы.
вх