Беларуская Служба

Сяргей Ціханоўскі збірае каманду

01.07.2025 10:19
«Я планую натхніць і матываваць беларусаў за мяжой і ў самой Беларусі і ўжо праз тры тыдні нанесці моцны ўдар па лукашызме і яго прапагандзе. І вы ўсе ўбачыце вынік».
Сяргей ЦіханоўскіКрыніца: YouTube-канал «Краіны для жыцця»/скрыншот

Вызвалены з беларускай турмы блогер Сяргей Ціханоўскі запісаў першы ролік на сваім канале «Краіна для жыцця», які гэты час вялі яго паплечнікі. Ціханоўскі аб'явіў, што збірае каманду, паведамляе “Наша Ніва”. 

Экс-палітвязень гаворыць, што ў яго шмат хто пытае, як можна далучыцца да каманды і дапамагчы ў дасягненні «галоўнай мэты — дэмакратыі ў Беларусі». 

«Я планую натхніць і матываваць беларусаў за мяжой і ў самой Беларусі і ўжо праз тры тыдні нанесці моцны ўдар па лукашызме і яго прапагандзе. І вы ўсе ўбачыце вынік», — абяцае ён. 

Ціханоўскі распавёў, што ў бліжэйшы час будзе сустракацца з беларусамі ў розных краінах і гарадах ЕС, ЗША і Канады. «Калі вы хочаце, каб мы з камандай прыехалі ў ваш горад або краіну, пакіньце паведамленне і падтрымайце нас праз спасылку пад відэа на YouTube-канале «Краіна для жыцця», — дадаў ён. 

Ціханоўскі гаворыць, што праводзіць сустрэчы са СМІ і блогерамі, апазіцыяй і структурамі грамадзянскай супольнасці, каб аб’яднаць беларускія сілы «для адзінага ўдару». 

«Людзі чакаюць ад мяне хуткіх і эфектыўных дзеянняў — і я іх здзейсню. Але без вашай падтрымкі гэта немагчыма. Каб знішчыць дыктатуру ў Беларусі і фінансаваць канкрэтныя крокі, кожны з якіх можа стаць вырашальным для нашай перамогі, мне патрэбна ваша дапамога», — даводзіць ён.

вс