У Мінску з 3 па 6 ліпеня адбудзецца некалькі буйных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасці, якія будуць праходзіць ва ўзмоцненых захадах бяспекі, нагадвае «Свабода».
«Мы будзем надаваць увагу прафілактыцы побытавых злачынстваў, узмацненню кантролю за асобамі, якія знаходзяцца на розных уліках, а таксама адпрацуем месцы масавага адпачынку і масавага знаходжання грамадзян», – паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Гарохаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Прадстаўнік мінскай міліцыі заклікаў грамадзян адмовіцца ад выкарыстання ўласнага транспарту і загадзя прыходзіць на мерапрыемствы, паколькі трапіць на святочныя пляцоўкі можна будзе толькі праз кантрольна-прапускныя пункты (КПП), дзе іх будуць даглядаць і правяраць на наяўнасць забароненых прадметаў.
Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца каля Палацу спорту, Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама каля стэлы «Мінск – горад-герой».
Паводле Сяргея Гарохава, найбольш грамадзян чакаюць каля стэлы, таму там уладкуюць найбольш – 15 – пунктаў для пропуску і дагляду грамадзян.
Прадстаўнік мінскай міліцыі звярнуў увагу на тое, што для праносу на мерапрыемствы забароненыя зброя, колюча-рэжучыя прадметы, выбуховыя рэчывы і прылады, шкляная тара, «рознага кшталту прадметы, якімі можна нанесці цялесныя пашкоджанні або муляжы пералічаных прадметаў».
Апроч таго, на мерапрыемствы грамадзянам забаранілі прыходзіць з роварамі, скутэрамі, самакатамі і сабакамі. Выключэнні зрабілі для сабак, якія суправаджаюць людзей з страчаным зорам.
Паводле Гарохава, у месцах усіх КПП будуць абсталяваныя месцы захоўвання для рэчаў, якія забаронена праносіць на масавыя мерапрыемствы.
«Дапускаюцца для праносу традыцыйна безалкагольныя напоі ў пластыкавай празрыстай тары аб’ёмам да паўлітра», – дадаў прадстаўнік мінскай міліцыі.
аз