Рэгіянальная пракуратура ў Любліне падала апеляцыю на вырак, вынесены 53-гадоваму беларусу. У траўні бягучага года суд у Любліне вынес Мікалаю М. прысуд у памеры 2 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі за шпіёнскую дзейнасць на карысць разведкі Рэспублікі Беларусь у 2018-2023 гадах.
Тэрмін папярэдняга ўтрымання пад вартай быў залічаны ў тэрмін пакарання. Такім чынам пасля абвяшчэння выраку беларуса адпусцілі.
Рэгіянальная пракуратура ў Любліне патрабуе для яго 5 гадоў пазбаўлення волі.
«Мы не згодныя з пакараннем, прызначаным Мікалаю М. Пракурор патрабуе пяцi гадоў пазбаўлення волі», – сказала PAP прэс-сакратар Рэгіянальнай пракуратуры ў Любліне Беата Сык-Янкоўская (Beata Syk-Jankowska).
Суд па гэтай справе праходзіў у закрытым рэжыме з-за важных дзяржаўных інтарэсаў.
Згодна з абвінавачваннем, Мікалай М. прадпрымаў дзеянні, накіраваныя на разведку раёна ваеннага аэрапорта ў горадзе Бела-Падляска, збіраў інфармацыю аб ваенна-паветраных аперацыях у гэтым аэрапорце, а таксама інфармацыю аб чыгуначнай інфраструктуры і перамяшчэнні ваеннай тэхнікі. Ён таксама збіраў інфармацыю пра аб'екты і транспартныя сродкі, якія знаходзіліся ў распараджэнні Агенцтва ўнутранай бяспекі і выкарыстоўваліся ў Белай-Падляскай. Паводле звестак пракуратуры, беларус таксама высвятляў, якія дзеянні рабілі польскія спецслужбы для вярбоўкі іншых грамадзян Беларусі, у тым ліку наладжання канала сувязі з супрацоўнікамі КДБ Беларусі.
Другім абвінавачаным па гэтай справе быў 59-гадовы паляк Бернард С., якога пракуратура абвінаваціла ў дапамозе беларусу. Паводле звестак следства, ён арганізаваў знаходжанне беларуса ў Польшчы, у тым ліку, забяспечыў таго кватэрай. Акруговы суд у Любліне змяніў кваліфікацыю ўчынку на непаведамленне праваахоўным органам аб злачыннай дзейнасці беларуса і наклаў на паляка штраф у памеры 7 000 злотых. Падчас следства абодва мужчыны прызналіся ў інкрымінаваных ім злачынствах. Прысуд не мае канчатковага характару.
PAP/аз