Беларуская Служба

У Беларусі хочуць заканадаўча ўвесці ўсеагульны дзень для прыборкі

08.07.2025 15:13
У Беларусі на заканадаўчым узроўні могуць увесці адзіны дзень прыборкі, заявіў начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Ракаўшчык.
Ілюстратыўны здымак ivatsevichy.by

— Пасыл давалі прадпрыемствам аб тым, каб яны прыбіралі свае тэрыторыі замацаваныя, звычайна ў вясновы і восеньскі перыяд… І маніторылі мы, як яны гэта рабілі: па чацвяргах. Чысты чацвер – яно ва ўсіх на слыху і ў галаве, – сказаў чыноўнік у каментары АНТ.

Ёсць і правілы, дзе дакладна прапісана, што і хто павінен рабіць. Закране гэта і прыватны сектар. Туды ўключаць пакос травы і яго перыядычнасць.

«У такім рэжыме нават аматары хаосу, здаецца, абвыкнуць да парадку. Пакуль пра штрафы гаворкі не ідзе, але крытэр - каб усё выглядала аднолькава акуратна - добры стымул паспаборнічаць у таленце ўборкі і стварэння прыгажосці. Тэмп задае сталіца. Але "чысты чацвер" мае шанцы стаць традыцыяй цэлай краіны», заяўляюць аўтары сюжэту на АНТ.

У Беларусі нядаўна ўвялі змены ў правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, у тым ліку тэрыторый індывідуальнай жылой забудовы.Сярод іншага — абавязак рэгулярна скошваць траву, калі яна дасягае вышыні больш за 20 сантыметраў, прыбіраць тэрыторыю ад смецця і выдаляць сухую расліннасць.

вх