Расіяне шукаюць дадзеныя тысяч людзей, якіх яны лічаць ворагамі Пуціна. Яны выкарыстоўваюць гэтыя дадзеныя для доксінгу, каб падвергнуць ахвяры анлайн-атакам.
Расіяне правераны ва Украіне метад выкарыстоўваюць паўсюль, у прыватнасці яны апублікавалі спіс палякаў, якія падтрымліваюць Украіну, у тым ліку актывістаў, палітыкаў і журналістаў. Ніхто ў Польшчы ці Еўропе не змагаецца з доксінгам.
Анастасія Марозава
Гэта вынікі расследавання парталу Frontstory.pl. Пра яго мы паразмаўлялі з адной з аўтараў даследавання Анастасіяй Марозавай.
Доксінг – гэта збор і публікацыя дадзеных у інтэрнэце, якія выкарыстоўваюцца з кепскімі намерамі. Анастасія, распавядзіце прыклад доксінгу, апісаны ў вашым расследаванні.
- Адна з нашых гераінь патрапіла ў такую сітуацыю. Яна публікавала звесткі аб сваім мужы, які прапаў без вестак на вайне ва Украіне. З ёй звязаліся і сказалі плаціць выкуп за мужа, ці яго выставяць голым на вуліцы стаяць у мароз. І выслалі відэапацвярджэнне. А сума там была, мне падаецца, 15 тысяч еўра. Яна не магла яе заплаціць. І ўсё, калі яна прызналася, што ў яе проста няма такіх грошай, з імі знік кантакт. І вельмі складана неяк гэта кантраляваць, бо незразумела, што далей адбылося.
Калі казаць пра Украіну, часцей за ўсё гэты інструмент выкарыстоўваецца ў дачыненні да салдат і іх сем'яў. З якой мэтай?
- Па-першае, псіхалагічны ціск на людзей, якія ваююць, на сваякоў, якія могуць неяк паўплываць на добраахвотнікаў, на вайскоўцаў, каб яны не ішлі. Але, з іншага боку, гэта таксама ўплывае вельмі моцна на замежных добраахвотнікаў, якія жадаюць прыехаць на дапамогу, ваяваць за Украіну. Таму што мы сустракалі ў інтэрнэце пытанні ад іх, як засцерагчы сябе ад уцечкі звестак. І гэта, у прынцыпе, вельмі абгрунтаваныя асцярогі, таму што ўцечкі дадзеных здараюцца, таксама з украінскіх рэестраў. Але найперш мы заўважылі, што людзі самі пакідаюць дадзеныя пра сябе ў інтэрнэце, якія потым выкарыстоўваюць супраць іх.
Паводле намесніка кіраўніка Цэнтра стратэгічнай камунікацыі Украіны Міколы Балабана, доксінг – гэта адзін з ключавых інструментаў расійскай інфармацыйна-псіхалагічнай вайны. Ці можна нешта сказаць пра маштаб з'явы?
- Тут цяжка сказаць, таму што частка працы выконваецца валанцёрамі, гэта значыць людзьмі, якія проста так, па добрай волі жадаюць дапамагчы расійскаму войску і расійскай разведцы. Напрыклад, мы бачылі тэлеграм-каналы, дзе па 5000 валанцёраў, якія штодня гэтым займаюцца, прычым робяць гэта бясплатна. А нехта гэтым яшчэ кіруе. І такіх тэлеграм-каналаў можна знайсці вялікую колькасць. Плюс іх рэпосцяць асноўныя прапагандысцкія крыніцы, такія як Рыбар, Салаўёў і гэтак далей. Акрамя гэтага, пра маштаб можна меркаваць па колькасці дадзеных, сабраных, напрыклад, на старонцы Wartears.org, якая прапануе пошук украінскіх вайскоўцаў, а на самой справе проста збірае пра іх інфармацыю. Ну вось яны заяўляюць, што ў іх у базе 200 тысяч. І я магу ў гэта паверыць, таму што ва Украіне кожны дзень з'яўляюцца ў розных сацсетках пасты аб тым, што хтосьці знік, альбо аб тым, што хтосьці загінуў.
Ёсць старонцы ForeignCombatants - гэта значыць замежныя найміты. Міністэрства замежных спраў Расіі публікавала прама ў сваім Фэйсбуку, што ёсць такая старонка. Яе вядуць разам два іншыя парталы, гэта значыць займаюцца гэтым, можна сказаць, журналісты дзвюх іншых расійскіх крыніц.
Нашай задачай было дайсці да канкрэтных людзей, якія займаюцца парушэннем прыватнасці і зборам дадзеных, і ў нас гэта атрымалася. Мы аналізавалі серверы гэтых старонак і глядзелі, хто іх ствараў. Некаторыя па неасцярожнасці пакідалі свае дадзеныя, напрыклад, Алег Макараў, які набліжаны да ўлады. Вось ён па неасцярожнасці пакінуў свае дадзеныя, і нам удалося знайсці, што менавіта ён стаіць за цэлай інфраструктурай.
Ахвярамі расійскага доксінгу з'яўляюцца не толькі ўкраінцы. Гэты інструмент шырока выкарыстоўваецца і ў Еўропе.
- Так, гэта, можна сказаць, два напрамкі працы ў расійскім доксінгу. Першае - гэта запалохаць украінскіх вайскоўцаў і шантажаваць іх сем'і, выманьваць грошы ва ўкраінцаў. А ёсць другі напрамак - на англійскай мове. Прыклад старонкі ForeignCombatants, пра якую я ўжо ўспомніла, яна выключна на англійскай мове вядзецца.
З расследавання Frontstory бачна, што еўрапейскія краіны не маюць рычагоў барацьбы з доксінгам. Вы звязаліся з уладамі Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Што вам адказалі?
- На жаль, у заканадаўстве большасці еўрапейскіх краін, калі ўвогуле не ўсіх, няма такога паняцця як доксінг. Нам адказала і Польшча, і Чэхія, і Славакія, што ў іх няма ніякага артыкула, які б менавіта разглядаў доксінг. Ёсць проста, напрыклад, бяспраўная публікацыя дадзеных, парушэнне прыватнасці, ёсць пераслед, ёсць куча іншых артыкулаў, па якіх можна класіфікаваць доксінг. Але доксінгу як такога паняцця няма.
Калі гэта доксінг, які служыць расійскім інтарэсам, то ён не можа быць аўтаматычна класіфікаваны як супрацоўніцтва з Расіяй ці дапамога. Гэта будуць розныя артыкулы, і там увогуле наўрад ці атрымаецца даказаць, што гэта было ў інтарэсах Расіі. Таму што праблема ў тым, што вельмі цяжка еўрапейскім службам да гэтага часу расследаваць кейсы, якія звязаны з Тэлеграмам. З-за таго, што з аднаго боку Тэлеграм не вельмі кааперуе са службамі, чаму і затрымалі Паўла Дурава, а з другога боку гэта новая, да гэтага часу незразумелая для еўрапейскіх службаў інфраструктура, з якой пакуль што ў іх не атрымліваецца эфектыўна працаваць.
Анастасія, дзякуй.
Поўная размова з журналісткай – у далучаным гукавым файле.
ав