Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Апроч гэтага, па-ранейшаму выводзяць з транспарту для размовы ўкраінцаў, якую едуць транзітам праз Беларусь.
Падставай для «зацікаўленасці» чалавекам могуць стаць яго легалізацыя ў іншай краіне, доўгая адсутнасць у Беларусі, «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлефоне, і нават асабістая перапіска, якая сілавікам можа падацца «падазронай». Некаторых пасля праверак выводзяць у кайданках з аўтобусу і праводзяць да суду ў ІЧУ, а да некаторых прыходзяць праз некалькі дзён.
Праваабаронцы прыводзяць прыклады некалькіх такіх гісторый.
Былая арыштантка Акрэсціна патрапіла пад пераслед пасля вяртання з-за мяжы з краіны Еўрасаюзу напрыканцы 2024 года. Пасля пашпартнага кантролю ў адным з беларускіх прапускных пунктаў яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Беларус у Threads падрабязна распавёў пра тое, што быў затрыманы на мяжы за «лайк», за што быў памешчаны ў ізалятар ды атрымаў штраф. На пачатку году нават здарылася трагедыя - адна жанчына, якую затрымалі на мяжы - памерла.
На мяжы з Польшчай напачатку года пасля дадатковых праверак з аўтобуса знялі мужчыну і 66-гадовую жанчыну з дыягнаставанай анкалогіяй. Лёс мужчыны невядомы, а жанчыну змясцілі ў брэсцкі ІЧУ на тры дні да суда. У выніку яе прызналі вінаватай у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі да штрафу памерам 20 базавых велічынь. Вядома, што ў ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Пасля вызвалення яна паехала дадому, дзе спачатку самастойна змагалася з хваробай. Праз тыдзень яе забралі ў лякарню. Амаль праз месяц жанчына памерла. Прычына — слабы імунітэт і запаленне лёгкіх.
Пад падобны пераслед трапляюць таксама грамадзяне іншых краін, у асноўным — украінцы. Таксама вядомы выпадак, калі чалавеку пасля вяртання сілавікі прапаноўвалі «супрацоўніцтва».
Пасля затрымання на мяжы, усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі». Часцей за ўсё людзей, якіх затрымалі ў пункце пропуску, судзяць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Выключэннем могуць стаць тыя, каго затрымлівае КДБ. У такім выпадку, калі допыт адбываецца ў Мінску, то там супраць іх складаюць пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП), або адразу змяшчаюць у СІЗА ў межах крымінальнай справы. Затрыманні адбываюцца як на мяжы з Польшчай, так і з Літвой.
Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл